«Калі хочаце быць незалежнымі, едзьце ў Польшчу і Літву». Што казаў Лукашэнка на антысанкцыйнай нарадзе


Аляксандр Лукашэнка 16 снежня правёў нараду аб супрацьдзеянні санкцыйным мерам, якія прымаюць краіну Захаду ў дачыненні да рэжыму. Лукашэнка прыгразіў турэмнымі тэрмінамі за заклікі да санкцыяў і загадаў разабрацца з «занадта разумнымі» кіраўнікамі ўстановаў і прадпрыемстваў, у тым ліку прыватных.

Разабрацца з кіраўнікамі

Лукашэнка зазначыў, што санкцыі сталі часткай жыцця беларусаў, але, нягледзячы на гэта, трэба «працягваць жыць і спакойна працаваць, захаваўшы дынаміку працы галінаў эканомікі», забяспечыць насычэнне рынку неабходнымі таварамі і не дапускаць росту цэнаў.

Hавiны
Старшыня Еўракамісіі: «У санкцыях супраць беларускага рэжыму не павінна быць прабелаў»
2021.12.16 12:03

Таксама, паводле Лукашэнкі, санкцыі ніяк не павінны адбіцца на будучых унутрыпалітычных падзеях Беларусі. А асобна напярэдадні гэтых падзеяў трэба «разабрацца» з кіраўнікамі ўстановаў і прадпрыемстваў.

«Разбярыцеся асабліва з кіраўнікамі: занадта шмат у нас кіраўнікоў, якія займаюць антыдзяржаўную пазіцыю. І што мяне здзіўляе (гэта больш за ўсё ў Менску): кіраўнікі ўстановаў аховы здароўя. Ужо занадта шмат «разумных» там з’явілася», – сказаў Лукашэнка.

Ён таксама зазначыў, што нікому не забараняе мець сваё меркаванне, але тыя, якія сабраліся на нараду, і згаданыя «разумныя» кіраўнікі абмежаваныя «рамкамі кіраўніка».

Hавiны
Лукашэнка ўвёў крымінальную адказнасць за заклікі да санкцыяў
2021.12.14 18:22

«Калі ты хочаш быць абсалютна незалежным і заклікаць да санкцыяў, ваяваць супраць улады і іншае – вунь у Літве, Польшчы сядзяць, там яшчэ ёсць вакансіі. Адтуль усё больш і больш хочуць назад вярнуцца. Калі ласка, на тыя вакансіі едзьце і там заклікайце да санкцыяў. Ведаеце, што мы там вас не дастанем, і шэсць ці восем гадоў па новым законе вы не атрымаеце, – сказаў Лукашэнка. – Але калі вы кіруеце калектывам, вы дзяржаўныя людзі (і не важна, прыватнае ці дзяржаўнае прадпрыемства), тым больш калі вы пагоны носіце ці ў дзяржаўным апараце працуеце, слухайце, вы разумееце, дзе знаходзіцеся. У адваротным выпадку, я ўжо колькі разоў казаў, мы будзем расцэньваць гэта як здраду».

Пра зачыненыя арганізацыі

Таксама Лукашэнка зазначыў, што не павінна быць «перагібаў і нейкіх там «накатаў» як у 1930-я гады».

«Вы ведаеце: «Вось там рэпрэсіі і іншае было». Я не ведаю, – сказаў Лукашэнка. – Усе гэтыя факты ў гісторыі выкарыстоўваюцца як каму выгадна. Але будзем лічыць, што ў 1937-39 гадах было няважна з нашай гісторыяй: нехта некага хапаў, саджалі і іншае. Пачалася вайна, а генералы ў турме сядзяць – прыйшлося адтуль даставаць, і яны былі першымі героямі, якія абаранялі Савецкі Саюз. Дык вось, каб у нас так не было».

Аналітыка
Ліквідуюць – і што далей? Чаго чакаць няўрадавым арганізацыям і беларусам
2021.07.23 19:45

Выказаўся Лукашэнка і пра зачыненыя арганізацыі, якія ён называе здраднікамі.

«Тым, хто спрабаваў перавярнуць краіну і здаць яе «туды», ніякага прабачэння не будзе. <…> Тыя арганізацыі, якія фінансаваліся з-за мяжы і арганізоўвалі пераварот і мяцеж, мы ўсе ліквідавалі. <…> І яны сёння ўзвылі: «Аднавіце назад!». Яны ніколі не будуць адноўленыя».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў