Міжнароднае агенцтва «Fitch» пацвердзіла дэфолтавы рэйтынг Беларусі


Міжнароднае агенцтва «Fitch» пацвердзіла рэйтынг Беларусі на ўзроўні RD (абмежаваны дэфолт). Асноўная прычына гэтага – вяртанне крэдытаў не ў замежнай валюце, як прадугледжваюць дамовы, а ў беларускіх рублях.

Офіс «Fitch Ratings» у Лондане, Вялікая Брытанія.
Фота: Dylan Martinez / Reuters / Forum

«Рэйтынг Беларусі адлюстроўвае выплату абавязанняў у доларах ЗША нацыянальнай валютай, што супярэчыць дамоўленасцям, якія не дапускаюць разлікаў у альтэрнатыўных валютах», – гаворыцца ў паведамленні агенцтва «Fitch».

Менск пастанавіў вяртаць пазыкі беларускімі рублямі, калі плацяжы ў доларах трапілі не да ўсіх трымальнікаў еўрааблігацыяў. Гэта адбылося ў выніку ўзмацнення заходніх санкцыяў.

«Fitch» прагназуе ў Беларусі далейшую рэцэсію, мяркуе, што сёлета ВУП упадзе на 1,3 %, а налета – на 0,3 % у выніку працяглай пераарыентацыі гандлёвых патокаў і слабых інвестыцыяў. Імаверныя таксама далейшая міграцыя кваліфікаваных работнікаў і захаванне рызыкаў для макрафінансавай стабільнасці праз дзеянні ўладаў, адзначае міжнароднае рэйтынгавае агенцтва.

Яно таксама чакае «даволі высокай» інфляцыі ў Беларусі: сёлета – 8,7 %, налета – 9,5 %. Рост цэнаў «Fitch» тлумачыць праблемамі з ланцужком паставак у выніку санкцыяў, адносна мяккай грашова-крэдытнай палітыкай ды наступствамі абясцэньвання рубля.

Абноўлена
Рэйтынгавае агенцтва «Moody’s» абвясціла пра дэфолт Беларусі па еўрааблігацыях
2022.07.15 08:21

Таксама «Fitch» прагназуе пагаршэнне сітуацыі з вонкавым гандлем: «Сальда рахунку бягучых аперацыяў будзе няўхільна пагаршацца да дэфіцыту 1,2 % ВУП налета на фоне падзення экспартавых цэнаў, выдаткаў на пераарыентацыю гандлю і больш слабога сціскання імпарту».

Акрамя таго, агенцтва прадказала, што дэфіцыт сектару дзяржаўнага кіравання павялічыцца ў сярэднім да 3,8 % ВУП у 2022–2023 гадах (у 2021-м было 0,2 %), а доўг сектару дзяржаўнага кіравання на канец 2023 года складзе 42,4 % ВУП.

Аналітыкі «Fitch» падсумавалі, што далейшае падтрыманне Расеі ў вайне супраць Украіны «павялічвае геапалітычную рызыку і рызыку санкцыяў».

«Мы не бачым расколу ўнутры беларускай палітычнай эліты ці пагрозы кіраванню прэзідэнта. Грамадская нязгода з нагоды канфлікту адсутнічала, што патэнцыйна адлюстроўвае асцярогі з нагоды наступстваў, а апазіцыйныя групы ў выгнанні, здаецца, маюць меншы палітычны ўплыў», – піша рэйтынгавае агенцтва.

Hавiны
Рэйтынгавае агенцтва «Fitch» аб’явіла пра «абмежаваны дэфолт» у Беларусі
2022.07.19 12:53

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў