У расейскім Растове-на-Доне выбухнула і гарыць памежнае ўпраўленне ФСБ


16 сакавіка ў горадзе Растоў-на-Доне здарыўся моцны пажар у памежным упраўленні Федэральнай службы бяспекі Расеі ў Растоўскай вобласці. Пра гэта паведамляюць расейскія медыі.

Дым відаць з розных раёнаў гораду. Відавочцы паведамляюць, што перад пажарам быў чуваць выбух.

Гарыць корпус у двары памежнага ўпраўлення, дзе месціцца склад, паведамляе партал 161.ru. Адзначаецца, што на складзе дэтануюць боепрыпасы з інтэрвалам пяць-дзесяц секундаў.

Мясцовы тэлеграм-канал «Тютина» піша, што «мясцовыя жыхары чулі моцны выбух», дым таксама «вельмі моцны».

«Усярэдзіну пачалі заязджаць «хуткія», – адзначае выданне.

Тэлеграм-канал Mash называе прычынаю пажару і наступнага выбуху ўзгаранне электраправодкі. Паводле яго, агонь з кабелю перакінуўся на ёмістасці з гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Агмень узгарання – другі паверх двухпавярховага цаглянага будынку. Плошча пажару – больш за 800 квадратных метраў.

Выданне таксама паведамляе, што ў выніку пажару быў шпіталізаваны супрацоўнік вайсковай часткі.

Растоўская вобласць Расеі мяжуе з Данецкай і Луганскай вобласцямі Украіны.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў