У Беларусі зноў трапіла ў аварыю маршрутка. Цяпер каля Барысава


16 сакавіка каля Барысава (Менская вобласць) перакулілася маршрутная таксоўка. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Менск, Беларусь. 9 сакавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

Інцыдэнт здарыўся а 7:18.

Двум пацярпелым дапамаглі на месцы, пяцёх шпіталізавалі ў Барысаўскую больніцу.

УУС Менскай вобласці ўдакладніла, што перавярнулася не маршрутка, а мікрааўтобус. Паводле ДАІ, кіроўца Mercedes Sprinter на 434-м кіламетры дарогі М1 не справіўся з кіраваннем і выехаў на раздзяляльную паласу, дзе аўтамабіль перакуліўся.

Гэта адна з чарговых аварыяў, што здарылася ў Беларусі з маршрутнымі таксоўкамі за апошнія месяцы. Гэтак, напрыклад, 21 снежня 2022 года на трасе М7 Менск – Ашмяны – мяжа Літвы – перакуліўся мікрааўтобус з пасажырамі. Трох пасажырак даставілі ў шпіталь для абследавання.

20 лютага на трасе каля Смалявічаў маршрутка сутыкнулася з заладаваным МАЗам. У аварыі загінулі 11 асобаў, сярод якіх –і дзіця. У больніцу ў Смалявічах шпіталізавалі 9 асобаў.

А раніцай 24 лютага на дарозе Бабруйск – Глуск сутыкнуліся маршрутка і трактар. Пацярпелі 10 дарослых асобаў і 1 дзіця.

Пасля гэтых здарэнняў Транспартавая інспекцыя Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі пастанавіла ўзмацніць кантроль за маршрутнымі таксоўкамі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў