Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына Беларусі разглядаюцца на паседжанні Савету бяспекі


16 студзеня Аляксандр Лукашэнка праводзіць паседжанне Савету бяспекі, прысвечанае разгляду двух дакументаў стратэгічнага планавання – праектаў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Вайсковай дактрыны Беларусі.

16 студзеня 2024 года праходзіць паседжанне Савету бяспекі, на якім абмяркоўваюцца Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Вайсковая дактрына Беларусі.
Фота: БелТА

Паводле абноўленай Канстытуцыі Беларусі, абодва гэтыя дакументы будуць зацвярджацца Усебеларускім народным сходам.

Праект новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі быў ухвалены ў лютым 2023 года на паседжанні Савету бяспекі.

На паседжанні 16 студзеня будуць агучаныя прапановы для ўнясення ў канцэпцыю, якія збіраліся цягам года на дыялогавых пляцоўках па ўсёй краіне. Прапановы датычаць дадатковай абароны інстытуту традыцыйнай сям’і, падвышэння ўзроўню сацыяльнай адказнасці бізнесу, пераадолення дыспрапорцыяў рэгіянальнага развіцця.

Аб’ектыў
У Беларусі з’явілася новая канцэпцыя нацыянальнай бяспекі
2023.04.04 22:35

Рашэнне аб распрацоўцы праекту новай Вайсковай дактрыны было прынятае ў лютым 2023 года. Яна не прадугледжвае кардынальнай рэвізіі палажэнняў вайсковай палітыкі Беларусі. У дакуменце падкрэсліваецца, што Беларусь – міралюбная краіна і нікому не пагражае, аднак спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы будуць спыняцца з выкарыстаннем усяго патэнцыялу дзяржавы. У праекце новай Вайсковай дактрыны абноўленыя падыходы да вызначэння характару сучасных ваенных канфліктаў у інтарэсах выпрацоўвання адэкватных мераў рэагавання для ўзброенай абароны краіны.

Пасля ўхвалення Саветам бяспекі праекты новай Канцэпцыі нацбяспекі і Вайсковай дактрыны будуць вынесеныя на зацвярджэнне Усебеларускім народным сходам.

Hавiны
«Калі мы з Расеяй – значыць, з Расеяй». Лукашэнка разгледзеў абноўленую Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі
2022.09.20 13:06

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў