Бацька і крымінальныя аўтарытэты: гісторыя адносінаў


У судзе Завадскога раёну сталіцы распачаўся працэс Дзмітрыя Галеева, у крымінальных сферах вядомага як злодзей у законе Галей. Аўтарытэт паходзіць з вёскі Станькава Менскай вобласці, аднак ягоная крымінальная біяграфія ахапіла не толькі Беларусь, але і Расею, і нават Швецыю. Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

{movie}Арганізаваныя злачынцы|right|12863{/movie}
Суд над Дзмітрыем Галеевым не проста праходзіць за зачыненымі дзвярыма. Абвінавачанне рэпрэзентуе сведак пад прыдуманымі прозвішчамі ды са змененымі адрасамі. У мэтах бяспекі. Хоць, калі верыць зусім нядаўнім заявам сілавікоў, беларусам не трэба баяцца злодзеяў у законе.

ВІКТАР ФЕДАРОВІЧ, ЖУРНАЛІСТ:
З арганізаванаю злачыннасцю ў нас скончана, злодзеяў у законе няма, яны разбегліся. Ёсць, аказваецца. І не скончана з імі яшчэ”.

Віктар Федаровіч, які працуе менавіта з крымінальнаю тэматыкаю, кажа, што за апошнія гады злачынцы прыстасаваліся да новых умоваў і перапісалі свае злодзейскія кодэксы. Вось і Дзмітрый Галееў на працэсе падае сябе як простага бізнесоўца, якога дэпартавалі са Швецыі з прычыны непаразумення.

Аднак матэрыялы справы кажуць, што 10 гадоў таму Галееў і ягоныя пасобнікі вымагалі 18 тысяч долараў у жыхара Жодзіна. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, “Галей” трымаў сувязь з беларускімі крымінальнымі коламі і ў Расеі, і ў Швецыі, куды ён уцёк ад расейскіх сілавікоў. З ягоным актыўным удзелам у Арабскіх Эміратах былі каранаваныя адразу чатыры беларускія крымінальныя аўтарытэты.

Пачатак суда над Галеевым супаў з гучнымі заявамі Аляксандра Лукашэнкі на тэму злачыннасці. Бандыты разумеюць толькі тады, калі з імі размаўляеш на іхнай мове – так сказаў кіраўнік дзяржавы на сённяшняй прэс-канферэнцыі пра спецаперацыі 1990-х гадоў, для прыкладу ўзяўшы барацьбу з бандытамі, што палявалі на кіроўцаў дарагіх аўтамабіляў. Лукашэнка прызнаўся, што рукі ў спецслужбаў не вельмі чыстыя.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
“Сабралі некалькі групаў, узялі крутыя аўтамабілі ды зладзілі пастку на трасе. Усіх, хто супраціўляўся з бандытаў, расстрэльвалі на месцы. Тры групы такія знішчылі, чацвёртай – не было. І дагэтуль – ціха і спакойна”.

Таксама у 1990-я ў Беларусі бясследна зніклі некалькі крымінальных аўтарытэтаў. Самая вядомая справа – знікненне Уладзіміра Кляшча на мянушку Шчаўлік. Раней Лукашэнка згадваў яго менавіта як прыклад сваіх магчымасцяў. Але магчымасць забіваць злачынцаў без суда, следства і адказнасці разбэшчвае ўлады кожнай краіны. І зброя, накіраваная на крымінал, лёгка ідзе ў ход супраць іншадумцаў.

ЗМІЦЕР ДАШКЕВІЧ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ:
“Лукашэнка і ягоная хеўра не аднойчы сведчылі, што схему фізічнага знішчэння палітычных апанентаў яны “адкаталі” на крымінальных аўтарытэтах”.

Экс-палітвязень Зміцер Дашкевіч, які міжволі даследаваў турэмную сістэму Беларусі на сваёй скуры, лічыць, што кіраўнік дзяржавы змагаецца не з крыміналам, а з канкурэнтамі – за ўладу і грошы. А тых крымінальнікаў, што не пагражаюць уладзе Лукашэнкі, або ігнаруюць, або бяруць на службу, кажа Дашкевіч.

ЗМІЦЕР ДАШКЕВІЧ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ:
“Напрыклад, у Горкаўскай калоніі крымінальнікі спакойна жывуць, ніхто не садзіць іх у ізалятары, яны займаюцца псіхалагічным і фізічным падаўленнем любога іншадумства і спробаў сябе абараніць з боку асуджаных”.

Сама арганізаваная злачыннасць нікуды не знікла. Яна проста выглядае сёння іначай, чым у 1990-я.

ВІКТАР ФЕДАРОВІЧ, ЖУРНАЛІСТ:
“Беларуская дзяржава, улады Беларусі пры ўсім сваім жаданні не могуць аказаць уплыву на так званы “вораўскі” рух. Ён не тут фармуецца, не тут ягоны цэнтр. Цэнтр руху – Расея”.

Так што будуць новыя злачынствы і новыя крымінальныя аўтарытэты.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў