ЗША – на парозе катастрофы? Бюджэту хопіць да 17 кастрычніка


На гарызонце ЗША вымалёўваецца катастрофа. Рэсурсаў бюджэту дастаткова толькі да 17 кастрычніка. Калі ж да гэтага часу амерыканскі парламент не павялічыць долі запазычанасці дзяржавы, ЗША будуць вымушаныя абвесціць банкруцтва.

Можа пацярпець эканоміка шмат якіх краінаў

«Гэта будзе беспрэцэдэнтнае здарэнне, ад якога пацерпіць не толькі эканоміка ЗША, але і ўсяго свету, бо валюты шмат якіх краінаў прывязаныя да долара, – тлумачыць фінансавы аналітык Кшыштаф Паморскі з амерыканскага банку «Northern Trust». – Цяжка нават ацаніць, наколькі адмоўнымі могуць аказацца вынікі такога развіцця падзеяў».

Павысіць долю запазычанасці ЗША і ўратаваць краіну ад дэфолту можа Палата прадстаўнікоў, дзе рэй вядуць рэспубліканцы. Яны ж абяцаюць зрабіць гэта, калі Барак Оўбама адкладзе на год рэформу аховы здароўя. Кіраўнік ЗША аднак заяўляе, што не збіраецца паддавацца шантажу і не саступіць.

Што кажуць амерыканскія фінансісты?

Дырэктар інвестыцыйнай кампаніі «US Financial» Збігнеў Карас не верыць, што падзеі ў ЗША будуць развівацца паводле чорнага сцэнара: «Пры Оўбаме бюджэт вельмі часта прымалі са спазненнем. Усё гэта палітычная гульня, якую ў барацьбе за выбарнікаў вядуць рэспубліканцы і дэмакраты. Гэта мае мала супольнага з эканомікаю».

Не верыць у трагічны фінал таксама і аналітык Кшыштаф Паморскі з «Northern Trust»: «Каб развязаць усе праблемы, яшчэ ёсць дастаткова шмат часу. Думаю, што рэспубліканцы ў выніку здадуцца і павялічаць долю запазычанасці. Інакш яны згубяць падтрыманне выбарнікаў. Амерыканцы прывыклі, што ўрад працуе для грамадзянаў, ды ўмеюць адстойваць свае правы. Рэспубліканцы ведаюць таксама, што іхная ўпартасць можа нанесці шкоду не толькі ЗША, але і ўсяму свету».

Амерыканцы – за тое, каб чыноўнікаў было меней

У сваю чаргу нязгода рэспубліканцаў з Оўбамам мае свой сэнс, мяркуе эканаміст Збігнеў Карас: «Цяперашні ўрад траціў грошы, як п’яны марак у тракціры, а трэба навучыцца жыць адказна. Можа, рэспубліканцы змусяць урад зменшыць выдаткі, бо, напрыклад, школьны дэпартамент мае тры ўзроўні чыноўнікаў – федэральны, штатавы ды гарадскі. Усе яны займаюцца адным і тым жа. Ці трэба іх столькі? Можа, варта іх скараціць ды крыху зашчадзіць?».

Прыблізна 800 тысячаў чалавек у ЗША пайшлі ўжо ў вымушаныя адпачынкі. Некалькі дзён не працуюць музеі, нацыянальныя паркі ды некаторыя дзяржаўныя ўстановы. Ці гэта толькі пачатак праблемаў ЗША?

ФБР часткова прыпыніла працу

Федэральныя ўстановы згарнулі працу, бо дзве палаты амерыканскага Кангрэсу не змаглі дамовіцца наконт бюджэту. Прычына – рэформа аховы здароўя, якую прасоўвае адміністрацыя Барака Оўбамы. Палата прадстаўнікоў, дзе большасць – рэспубліканцы, хоча адкласці яе на год, а Сенат, у якім пераважаюць прыхільнікі прэзідэнта, адхіліў перанос рэформы.

І хоць частка федэральных ўстановаў зачыненая, нейкіх кардынальных зменаў у жыцці амерыканцаў пакуль не заўважна: па-ранейшаму ездзіць грамадскі транспарт, дзеяць вакзалы, шпіталі ды лётнішчы, на вуліцах не назіраецца ніякага хаосу, панікі ці чэргаў у абменнікі альбо да банкаматaў. Паліцыянтаў таксама не паменела, бо іхная праца аплочваецца не з дзяржаўнага бюджэту, а са сродкаў паасобнага штату. Прыпыніць працу мусілі толькі некаторыя працаўнікі Федэральнага бюро расследавання.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu, Чыкага

Стужка навінаў