Забойца Кенэдзі, СССР, Машэраў ды «наш нелегітымны». Шушкевіч прэзентаваў сваю кнігу.


Набыць яе ў Беларусі будзе немагчыма. Калі Гарбачоў пачаў звяртацца да першага кіраўніка Беларусі на «вы»? З якога падарунку ўсцешыўся Клінтан ды чаму белавежскія пагадненні падпісвалі 6 асобаў, а не тры, як кажа гісторыя? Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч прэзентаваў у Варшаве сваю кнігу «Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР».

На прэзентацыю кнігі ў офісе «Беларускага дому» сабралася поўная зала гасцей. Сярод тых, хто завітаў на гэтае мерапрыемства, было даволі шмат маладых людзей, галоўным чынам беларусы. Але былі і замежнікі, у тым ліку і тыя, хто, як і Станіслаў Шушкеіч, калісьці займаў высокую дзяржаўную пасаду. На прэзентацыю прыйшоў былы кіраўнік польскага Міністэрства абароны Януш Анышкевіч.

Кнігу выдалі ў Вільні. Тыраж беларускамоўнай версіі невялікі – 1 тыс. Экзэмпляраў, і, на жаль, набыць яе ў нашай краіне не ўдасца. «Кожны, хто возьмецца яе прадаваць у Беларусі, адразу будзе мець праблемы», – тлумачыць аўтар.

Што ж такога крамольнага можна знайсці ў гэтай кнізе, запытаецеся вы? Але дастаткова зазірнуць у раздзел пад назваю «Паталогія» – і усё стане зразумела: аўтар абвінавачвае «правадыра» ў зняважлівым стаўленні да міністраў, называе Лукашэнку «наш нелегітымны» і звяртае ўвагу на надзвычайную помслівасць Аляксандра Рыгоравіча. «Лукашэнка… прэтэндуе на ролю кіраўніка, які гатовы дзейнічаць гітлераўскімі метадамі, гэта значыць, крочыць па галовах усіх тых, хто мае іншае бачанне дзяржавы і ўлады». «У Беларусі такую кнігу ніхто б не надрукаваў», – канстатуе сумны факт першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

Фонд Ельцына і Міністэрства замежных справаў Славакіі… «Менавіта яны падтрымалі і заахвоцілі мяне – пенсіянера, пазбаўленага пенсіі антыканстытуцыйным дэкрэтам,.. да напісання гэтай кнігі», – зазначае на першых старонках Станіслаў Шушкевіч. А на самым пачатку прэзентацыі былы кіраўнік Вярхоўнага Савету папярэджвае ўсіх, што гэтая кніга, нягледзячы на наяўнасць у ёй аўтабіяграфічных раздзелаў, – не мемуары, бо паміраць палітык пакуль не збіраецца. На што прысутныя ў зале адрэагавалі ўсмешкаю.

У кнізе аўтар дзеліцца сваймі ўспамінамі пра тое, як знікла з сусветнай мапы савецкая імперыя і ўзнікла незалежная Беларусь. Са старонак гэтай кнігі можна даведацца, што белавежскае пагадненне, якое дэ-факта замацавала ліквідацыю СССР, падпісалі не тры асобы – Ельцын, Краўчук і Шушкевіч, а шэсць. Абвяргаюцца заявы Міхаіла Гарбачова пра тое, што ён нібыта даведаўся пра ліквідацыю Савецкага Саюзу пазней, чымся колішні кіраўнік Злучаных Штатаў – Джордж Буш. «Я патэлефанаваў яму першаму, як мы ўтрох – Ельцын, Краўчук і я – дамовіліся. Значна раней, чым патэлефанаваў Ельцын Бушу… Суразмоўца вытрымаў паўзу, адказаў, што пастараецца злучыць мяне з прэзідэнтам. Пасля слухаўку узяў яшчэ нехта, і нарэшце: перадаю яму трубку. Я стаў дэталёва тлумачыць сутнасць падрыхтаванага дакументу… Гарбачоў звяртаўся да мяне – на «вы». Раней было толькі «ты».

На старонках «Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР» можна знайсці шэраг цікавых момантаў з дыпламатычных ваяжаў Станіслава Шушкевіча. Гэтак, аўтар апісвае сітуацыю з прыездам беларускай дэлегацыі ў ЗША. Тады кіраўніком Злучаных Штатаў быў Біл Клінтан. «Калі мы збіраліся ў Злучаныя Штаты, доўга думалі, што прывезці. …Прыйшлося ламаць галаву. Задумаліся, чым славіцца Беларусь. Вось, у Швейцарыі тры пазіцыі: сыр, шакалад і гадзіннікі. А ў нас у Беларусі? Мне кажуць: бульба і шкло. Дык што, дранікі і фужэры павязем? А раптам прэзідэнт не п’е? І тады майстры ў Барысаве зрабілі шкляны кабінетны набор для пісьмовага стала». Паводле Станіслава Шушкевіча, тады Клінтан быў задаволены з падарунка.

Цікава, што вёрстку кнігі зрабіў сам аўтар. Апроч вялізарнай колькасці малавядомых фактаў з найноўшай гісторыі Беларусі ды падзеяў, звязаных з развалам СССР, кніга дапоўненая вялікаю колькасцю ўнікальных фотаздымкаў з архіву Станіслава Шушкевіча. Адным словам, ёсць што пачытаць, ну, і адпаведна – паглядзець.

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў