На калійным фронце – без зменаў


Ці здае Менск пазіцыі? Аляксандр Лукашэнка ўжо не супраць аднавіць супрацу з “Уралкаліем”. Масква ж падае іншыя сігналы. Сёння ў беларуска-расейскім калійным канфлікце з’явіўся каўбасны прысмак. Санітарныя службы Расеі знайшлі ў беларускіх мясных вырабах сляды бактэрыяў афрыканскай чумы свіней. Як чумы цяпер баяцца і расейскія бізнесоўцы наведваць нашую краіну.
{movie}На калійным фронце — без зменаў (10.09.2013) |right|12427{/movie}

Калійная вайна ідзе поўнаю хадою, але лік не на карысць Беларусі. Пакуль гендырэктар “Уралкалію” Уладзіслаў Баўмгертнэр застаецца ў беларускім СІЗА КДБ, акцыі расейскай кампаніі толькі ўчора скочылі на 10 адсоткаў.

Для Менску добрых навінаў меней: сёння расейскі Сельгаснагляд вярнуў у Беларусь 20 тонаў айчыннай мясной і малочнай прадукцыі. Больш за тое, цягам бліжэйшых дзён пастаўкі могуць быць увогуле прыпыненыя. І калі гэтак адбудзецца, то…

ЯЎГЕН ПРЭЙГЕРМАН, ЭКСПЕРТ «ЛІБЕРАЛЬНАГА КЛУБУ»:
“…гэта будзе вельмі непрыемна для беларускай эканомікі, бо мы зарабляем за год, паводле статыстыкі, калі я не памыляюся, больш за два мільярды – пад тры мільярды толькі на пастаўках мяса і малака”.

Што на гэта беларускі бок? Менску, як звычайна, застаецца біць словам, а не рублём.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
“Сёння ў сувязі з непрыстойнымі дзеяннямі гэтых расейскіх нягоднікаў у нас склаліся некаторыя праблемы з рэалізацыяй калійных угнаенняў. З любога боку, з якога не падыдзі, – гэта каштоўнасць для нашай дзяржавы. І мы павінны не тое каб не страціць, а мы яго, вядома ж, ніколі ў жыцці не страцім і нікому не аддамо на разарванне, мы павінны як мага хутчэй увайсці ў тое рэчышча дзейнасці прадпрыемства, якім яно было ў лепшыя перыяды”.

Як стала вядома сёння, вярнуць лепшыя перыяды на “Беларуськалій” могуць сябры з Індыі.

СУКУМАРАН НАІР, ІНДЫЙСКІ ЦЭНТР РАЗВІЦЦЯ ЗЯЛЁНЫХ ТЭХНАЛОГІЯЎ:
«Мы вядзем перамовы з Беларуссю аб набыцці 20 % акцыяў яе кампаніі «Беларуськалій». У гэты момант дыскусія працягваецца. 20 % – гэта пачатак, з якога пачалі перамовы. Як мы разумеем, гэта тое, на што можа пайсці беларускі бок».

Пакуль Беларусь спадзяецца на ратунак з Нью-Дэлі, адвакаты Баўмгертнера не пакідаюць надзеяў на змену меры стрымання для свайго кліента. Сёння яны падалі адпаведную апеляцыю ў Менскі гарадскі суд. Але рашэнне наўрад ці залежыць ад суддзі або ад здольнасцяў адвакатаў.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА:
“Мы бачым, што ўлады не хаваюць: маўляў заплаціце нам сто мільёнаў долараў, і ён заўтра паляціць у Маскву. Таму тут больш не крымінальная, а больш палітычная падаплёка справы гучыць”.

У выніку іншыя расейскія бізнесоўцы таксама не спяшаюцца наведваць нашую краіну. Гэтак, гендырэктар КамАЗу Сяргей Кагогін распавёў журналістам, што не рызыкуе прыязджаць у Менск, хоць умовы стварэння холдынгу “Расбелаўта” – узгодненыя. Паводле Яўгена Прэйгермана, Менск ужо пажынае плады гэткай палітыкі, і днямі адмысловец быў сведкам гэтаму на эканамічным форуме ў польскай Крыніцы.

ЯЎГЕН ПРЭЙГЕРМАН, ЭКСПЕРТ «ЛІБЕРАЛЬНАГА КЛУБУ»:
“Беларусь ладзіла там асобнае мерапрыемства, дзеля таго, каб прарэкламаваць магчымасці вядзення бізнесу ў краіне. З больш чымся 2 тысяч удзельнікаў форуму прыйшло 55 чалавек. З гэтых 55 – 45 было беларусаў, якім было проста цікава паглядзець, што скажа намеснік міністра краіны”.

Магчыма, таму Лукашэнка сёння пацікавіўся ў міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, як ідзе рыхтаванне да лістападаўскага форуму “Усходняга партнёрства”. Выглядае на тое, што шукаць новых сяброў і інвестараў трэба хутка, не зважаючы нават на ідэалагічныя разыходжанні.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў