«Анёлы» ў пошуках зніклых: Трэба рэагаваць імгненна!


Выезды на пошукі ў лес, на закінутыя будоўлі, не зважаючы на надвор’е і нават на ўласны дзень народзінаў – гэта праца валанцёраў пошукавага атраду “Анёл”. “Белсат” выправіўся разам з атрадам на пошукі. Як працуюць “Анёлы”, чаму губляюцца людзі ды як валанцёрам удаецца знаходзіць зніклых людзей так паспяхова?

Яны не чакаюць тры дні, як прынята ў міліцыі. Калі нехта знік – яны рэагуюць імгненна. Вынік – за год існавання пошукавага атраду “Анёл” знойдзена каля 100 чалавек.

Гэтымі днямі “Анёл” шукае 14-гадовую Анастасію Кот, якая знікла 28 жніўня. Выезды на пошукі ладзяцца штодня. Шукаюць у Менску і ў ваколіцах. Інфармацыя пра зборы пошукавых групаў даецца праз сацыяльныя сеткі. Далучыцца можа кожны. Паводле камандзіра атраду Сяргея Коўгана, бывае, што збіраецца да 100–150 валанцёраў.

Пад’язджаем да лесу. Дзяўчына-каардынатар Хрысціна Басава з добрым веданнем справы кіруе групаю і аддае каманды: “Становімся ў шэраг на ўваходзе ў лес. Адлегласць – метр-паўтара. Арыенцір – правы чалавек. Група – рух!”

І на гэтыя словы група імгненна рухаецца прачэсваць лес. “Група, стоп!” – чуваць голас Хрысціны, і да яе падыходзяць іншыя валанцёры дапамагчы разгрэбці вялізную купу галля. Прынцып пашукоўцаў – важна аглядаць любое падазронае месца, ямы, купы смецця, закінутыя дамы. Не абмінаць увагаю нічога.

Галлё агледзелі, чыста. “Група, рух!” – камандуе далей Хрысціна. Увесь час праз рацыю ідзе сувязь з камандзірам.

“Я ўдзельнічаю ў пошуках з чэрвеня, – распавяла Хрысціна. – Пра “Анёлаў” ведаю са снежня мінулага года, і спачатку я толькі рэпосціла ў сацыяльных сетках інфармацыю аб зніклых. На першым выездзе я зразумела, што дапамагаць людзям – гэта мая справа. Нягледзячы нават на тое, што часам даводзіцца збягаць з працы, адпрошвацца, але ў мяне душа патрабуе гэтай дзейнасці. Вось цяпер мне давялося ў свой дзень народзінаў выязджаць на пошукі Анастасіі. Але я радая гэтаму, бо раблю карысную справу”.

Працы “Анёлу” хапае на працягу ўсяго года. Але ўвосень, у грыбную пару, зніклых становіцца больш. Досвед атраду паказвае, што згубіцца чалавек можа з розных прычынаў – нават там, дзе не чакае гэтага. Як, напрыклад, расейскі турыст, што адстаў ад сяброў, а яго ўжо шукала паўгораду. Губляюцца людзі, што маюць псіхічныя хваробы ці ўзроставыя змены ў памяці – літаральна тыдзень таму валанцёры шукалі жанчыну з хваробаю Альцгеймера.

А бывае так, што чалавека шукае міліцыя, валанцёры, задзеяная вялікая колькасць людзей, тэхнікі, а ён зусім і не згубіўся, а адмыслова з’ехаў з гораду ці нават краіны, праз канфлікт з бацькамі ці проста на пошук прыгодаў. Вядомы валанцёрам “Анёлу” і так званы “рэцыдывіст” – хлопчык, што хварэе на аўтызм і перыядычна губляецца. На шчасце, яго заўсёды хутка знаходзілі. Але, на жаль, існуюць выпадкі, калі прычынаю знікнення чалавека становіцца ягоная раптоўная смерць ці забойства.

Атрад “Анёл” быў створаны 15 чэрвеня 2012 года. Як распавёў яго каандзір Сяргей Коўган, да ідэі падштурхнуў зварот жанчыны на тэлебачанне, якая прасіла дапамагчы знайсці бацьку, што заблукаў у лесе. “Не хапала людзей, бо вельмі вялікі быў лясны масіў, – распавядае Сяргей. – Мы з сябрам вырашылі далучыцца, і калі прыехалі, пабачылі, што мы былі толькі ўдвох, хто адгукнуўся. І тады я падумаў: а чаму б не стварыць рух, які будзе мець адмыслова падрыхтаваных людзей, якія змогуць пры неабходнасці хутка адрэагаваць і аказаць рэальную дапамогу”.

Сёння “Анёл” мае ўжо 28 000 падпісантаў у розных сацыяльных сетках. Дапаможныя атрады ствараюцца ў абласных і буйных раённых цэнтрах. “Анёл” шукае людзей не толькі ў Менску. Паводле Сяргея, усё часцей здараюцца выезды ў іншыя вобласці, у памежныя з Расеяй тэрыторыі.

Камандзір атраду адзначае, што хутка пасля пачатку дзейнасці былі і паспяховыя вынікі – людзей знаходзілі, галоўнае – жывымі, і часта ў дзень пачатку пошукаў.

Агулам за час існавання атраду было больш за 1000 зваротаў. Уласнымі сіламі атраду знайшлі каля 100 чалавек. Таксама вялікая колькасць людзей супрацоўнічае з міліцыяй: “У кожнай арыенціроўцы акрамя нашага нумару падаецца нумар міліцыі 102, і часта людзі перадаюць інфармацыю менавіта туды. Мы працуем не самі, а шчыльна супрацоўнічаем з міліцыяй, і з усімі, хто можа дапамагчы”, – адзначае Сяргей.

На думку Сяргея, паспяховасць і эфектыўнасць пошукаў дасягаецца толькі пры хуткім распаўсюдзе інфармацыі ды шчыльным узаемадзеянні людзей і арганізацыяў: “Нашая галоўная задача – стварыць адзіную моцную базу інфармавання з дапамогаю інтэрнэту, сацыяльных сетак, медыяў, службаў інфалініяў, гарадскога транспарту, таксі, бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў, міліцыі, МНС”.

Валанцёры “Анёлу” праходзяць адмысловыя вучэнні, што ладзяцца з удзелам расейскіх пошукавых атрадаў. Таксама, паводле Сяргея, сваім досведам дзеляцца працаўнікі міліцыі і Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

Валанцёры маюць неабходнае абсталяванне для пошукаў – ліхтары, рацыі, адпаведную вопратку для лесу. Усё набываецца за ўласныя сродкі. Атрад не атрымлівае ніякага фінансавання і працуе не дзеля прыбытку.

А нашыя пошукі Анастасіі Кот працягваліся, пакуль не сцямнела. На жаль, дзяўчынку не знайшлі, але пошукі будуць ісці далей. Як зазначыў адзін з валанцёраў Максім, “Анёл” не кідае пошукаў на паўдарозе, “бо ніхто і нішто не можа знікнуць зусім бясследна”. На нейкі час перапыніць пошук, што зацягнуўся, могуць толькі ў тым выпадку, калі сілы атраду трэба тэрмінова кінуць туды, дзе ёсць вялікія шанцы знайсці чалавека жывым.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў