Турыстычны маршрут для інвалідаў пройдзе праз Налібоцкую пушчу


Зялёны маршрут «Валожынскі гасцінец», пракладзены па тэрыторыі Валожынскага раёну Менскай вобласці, абсталююць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Як паведаміла менеджар праектаў грамадскага аб’яднання «Адпачынак на вёсцы» Наталля Барысенка, гэта будзе пілотны праект ініцыятыўнай групы для стварэння грамадскага руху «Аграэкатурызм без бар’ераў». Праект мяркуецца рэалізоўваць у супрацы з Валожынскім райвыканкамам, як плануецца, коштам дзяржаўнага фінансавання і еўрапейскіх грантаў.

Паводле спн. Барысенкі, маршрут уключае экасцежку ў рэспубліканскім ландшафтавым заказніку «Налібоцкі», якую неабходна пашырыць і абсталяваць для развароту інвалідаў-вазочнікаў, а таксама шэраг экамузеяў, аграсядзібаў і пунктаў харчавання – іх таксама мяркуецца зрабіць даступнымі для непаўнаспраўных.

У той жа час, адзначыла адмыслоўца, поўнай безбар’ернасці на любым аб’екце «дасягнуць вельмі складана», бо існуюць розныя віды інваліднасці: праблемы са зрокам, апорна-рухальным апаратам і г. д. Таму на першым этапе аграсядзібам і экамузеям рэкамендавалі прыстасоўвацца да прыёму людзей з адным тыпам інваліднасці.

Мяркуецца, што бачнага выніку на зялёным маршруце ўдасца дасягнуць праз тры-чатыры гады.

АК, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары