Алег Волчак: Улады мусяць спыніць дзеянні злачыннай брыгады


Былыя воіны-афганцы Алег Волчак і Аляксандр Камароўскі патрабуюць расследаваць напад на Уладзіміра Някляева.

Адпаведную заяву сёння перадалі ў Генеральную пракуратуру.

Спадар Волчак адзначае, што словы кіраўніка МУС Анатоля Куляшова аб тым, што “міліцыя да збіцця Някляева не мае дачынення”, вызываюць у іх як былых афіцэраў вялікі сумнеў. І паказвае на разыходжанне гэтай заявы з інфармацыяй, размешанай на сайце ГУУС Менгарвыканкаму. Сайт паведамляў, што менавіта працаўнікі міліцыі “для спынення супрацьпраўных дзеянняў ўжылі спецыяльныя сродкі і фізічную сілу”.

“Нас вельмі непакоіць той факт, што ў краіне дзеіць невядомая ваенізаваная брыгада спецслужбаў, якая збівае і выкрадае грамадзянаў”, – тлумачыць зварот у пракуратуру Алег Волчак.

Праваабаронца лічыць вельмі паказальным, што да гэтага часу так і не распачалі крымінальнай справы па факце нападу на Уладзіміра Някляева, у той час кандыдата на прэзідэнта. “У грамадскасці ўзнікаюць пэўныя падазрэнні, што пракуратура, МУС і КДБ хаваюць асабліва небяспечнае злачынства супраць дзяржавы”, – адзначаецца ў звароце.

Праваабаронца разумее: на тое, што пасля звароту ў пракуратуру пачнецца расследаванне, надзеі мала. “Але ж сведкі таго, што адбылося, – звычайныя грамадзяне, журналісты і працаўнікі ДАІ, што перашкодзілі руху калоны Някляева, таму пракуратура мусіць адрэагаваць”, – спадзяецца Алег Волчак.

Уладзіміра Някляева моцна збілі 19 снежня, за гадзіну да пачатку акцыі пратэсту з нагоды вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Хуткая дапамога прывезла кандыдата на прэзідэнта ў шпіталь, адкуль яго скралі невядомыя. Пра тое, што паранены кандыдат знаходзіцца за кратамі, 20 снежня паведаміў Аляксандр Лукашэнка на сваёй прэс-канферэнцыі пераможца.

belsat.eu

Стужка навінаў