Чыноўнікі, якія не прыйшлі на свята Каліноўскага, трапілі ў суд


На актывіста, які прывёз на афіцыйнае свята аўтобус з удзельнікамі, склалі пратакол за… арганізацыю масавага мерапрыемства без дазволу. Ён падаў у суд на афіцыйную газету, якая абвесціла няіснае свята. Цяпер вядомы вынік.

Актывіст з Баранавічаў Віктар Сырыца прачытаў у афіцыйнай газеце «Наш край» абвестку пра тое, што 2 чэрвеня ля помнікаў паўстанцам 1863–64 гадоў у Мілавідах пройдзе культурніцкая імпрэза. Ён сабраў аўтобус ахвотных паўдзельнічаць у свяце, але калі яны пад’ехалі да месца правядзення ў пазначаны газетаю час, там нікога не было. Актывісты ўсклалі кветкі да помнікаў і паехалі назад.

Пазней на Віктара Сырыцу склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Ён, у сваю чаргу, падаў у суд на газету за змяшчэнне непраўдзівай інфармацыі. Патрабаваў даць зняпраўджанне, а таксама кампенсаваць арэнду аўтобуса (Br 2,3 млн) і аплаціць судовыя выдаткі. Ніводнага з патрабаванняў суд не задаволіў.

Галоўны рэдактар газеты «Наш край» Міхаіл Шубіч і прадстаўнікі райвыканкаму Дзмітрый Варвашэня і Таццяна Еўмянкова запэўнілі суд, што не паспелі даць інфармацыі пра перанос свята, але «зрабілі ўсё», каб паведаміць людзям, што яно не адбудзецца. У выніку Віктара Сырыцу раскрытыкавалі за тое, што ён не здагадаўся перад выездам патэлефанаваць у райвыканкам і спраўдзіць, ці імпрэза будзе.
{movie}Ушанаванне памяці паўстанцаў у Мілавідах 2 чэрвеня 2013 года|right|12241{/movie}
Сырыца паведаміў, што будзе падаваць скаргу ў Берасцейскі абласны суд, а калі яе не задаволяць – звяртацца ў Вярхоўны Суд.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu
https://youtu.be/2zpskA1QiKM#t

Глядзі таксама
Каментары