Ці доўгаю будзе барацьба з афрыканскай чумой свіней?


Адвыкайце ад смаку скваркі, суайчыннікі, – кіраўніцтва краіны рыхтуе новую сельскагаспадарчую рэформу ў межах барацьбы з афрыканскаю чумою свіней. Кабанчыкаў усё так жа будуць забіраць ды забіваць, але ўлады вырашылі залагодзіць людзей кампенсацыяй. Замест забраных свінняў сялянам будуць даваць ільготы на закупку бараноў, качак, гусей ды кароў. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы пасля нарады ў прэзідэнта, дзе Аляксандр Лукашэнка паказальна лупцаваў чыноўнікаў з-за скаргаў сялянаў на хамскія паводзіны “ліквідатараў чумы”.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:

“Я б хацеў, каб з наступнага тыдня гэткіх заяваў ад насельніцтва на мой адрас не паступала”.

За тыдзень чыноўнікі і паабяцалі распрацаваць агульнанацыянальную праграму замяшчэння свіней на бараноў, кароў і качак. А як ставяцца простыя грамадзяне да знікнення самага бюджэтнага мяса? Большасць апытаных намі гараджанаў нават не супраць спрабаваць новае…

{movie}Бараніна замест свініны? (23.08.2013) |right|12171{/movie}

ЖЫХАРЫ ПІНСКУ:

“Калі забароняць купляць, то будзем есці гародніну, садавіну і ўсё астатняе”.

“Будзем купляць ялавічыну, бараніну. Што будзе, тое і будзем”.

“Мне без розніцы, якое мяса. Можна перайсці на ялавічыну”.

“Перайду на любое іншае мяса. Калі будзе яно дасяжнае паўсюль, ва ўсіх крамах”.

Але для вяскоўцаў развітацца са свінкамі значна цяжэй, чым гарадскім.

ЖЫХАРКА ВЁСКІ КАДЗІНА, МАГІЛЁЎСКІ РАЁН:

“Я жадаю толькі свіней. Для мяне свінні значна выгоднейшыя”.

Праўда, часы такія, што выгодней забіць ды замарозіць сваіх гадаванцаў, пакуль не прыехала ветэрынарная “развёрстка”.

ЖЫХАР ВЁСКІ КАДЗІНА, МАГІЛЁЎСКІ РАЁН:

“Хто трымаў, пераважна ўсе пазабівалі. Бо пусцілі чутку, што будуць адбіраць”.

Жыць неяк трэба. Калі свіней зусім забяруць, беларусы пагодзяцца разводзіць іншую жывёлу. Але працэс гэта будзе балючы. Авечак, напрыклад, у краіне можа быць проста недастаткова.

ВАСІЛЬ ЛЯВОНАЎ, ЭКС-МІНІСТР СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ:

“Трэба мець племфермы, каб было маладое пагалоўе, туды завозіць. Пра гэта мусіць клапаціцца дзяржава”.

Дый трэба перавучваць людзей да вядзення зусім новай гаспадаркі, кажа даследчык беларускага традыцыйнага побыту, аўтар кнігі “Беларуская Атлантыда”.

ВЯЧАСЛАЎ РАКІЦКІ, ЖУРНАЛІСТ, КУЛЬТУРОЛАГ:

“Свінагадоўля – у аснове беларускай традыцыі. Гэта асноўны занятак беларусаў спрадвеку. Вядома, што як толькі з’явіліся на нашых тэрыторыях людзі, гэтаксама з’явіліся тут і свінні”.

І афрыканская чума, і свінацыд, які зладзілі ўлады ў барацьбе з хваробаю, для сялянаў удар па спрадвечнаму ладу жыцця, які перажыў і бальшавісцкую калектывізацыю, і нямецкую акупацыю. Дый і ў мірны час тых жа кароў не будзеш трымаць у хляве – іх пасвіць трэба.

ВЯЧАСЛАЎ РАКІЦКІ, ЖУРНАЛІСТ, КУЛЬТУРОЛАГ:

“Абсалютна не ў ментальнасці, не ў традыцыі беларусаў забіваць карову. Свіней гадавалі заўсёды на мяса, кароў – на малако. Карова – гэта доўгая карміліца”.

Доўгаю будзе барацьба з чумой. Улады абяцаюць забіраць свіней у насельніцтва, нягледзячы на любыя пратэсты.

БАРЫС БАТУРА, СТАРШЫНЯ МЕНСКАГА АБЛВЫКАНКАМУ:

“Нам трэба захаваць найперш прамысловую вытворчасць свіней”.

Аднак “авечкава-качкавая” ідэя – спосаб чыноўнікаў выправіць наступствы свайго ж галавацяпства і некампетэнцыі. Распаўсюд чумы можна было спыніць на пачатку, калі б улады не сакрэцілі факты захворванняў, а распавялі грамадству пра маштабы праблемы ды метады барацьбы. І варта было не лавіць журналістаў ля свінафермаў, а сачыць за выкананнем тэхналогіі дэзінфекцыі: цалкам спальваць і трупы свіней, і гной, і камбікорм, а не проста кідаць забітых парсюкоў у адкрытыя яміны. Цяпер у глыбокай яме можа апынуцца ўся айчынная жывёлагадоўля.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў