Шыльду ў гонар паўстанцаў патрабуюць вярнуць на будынак школы


У Берасці, Баранавічах, Івацэвічах і Бярозе збіраюць подпісы за вяртанне шыльды ў гонар паўстанцаў 1863 года на будынак сярэдняй школы ў Мілавідах.

Збор подпісаў ініцыявала Баранавіцкая філія Таварыства беларускай мовы пасля таго, як грамадскасць выявіла, што шыльда знікла з будынку школы.

“У Менску нядаўна ўсталявалі шыльду ў гонар паўстанцаў. Мы натхніліся гэтым поспехам і вырашылі дамагацца памятнай дошкі ў вёсцы Мілавіды Баранавіцкага раёну. Сёлета адзначаецца юбілей паўстання 1863 года, і мы мусім памятаць пра змагароў за волю Бацькаўшчыны, а не губляць памятныя дошкі”, – распавёў кіраўнік Баранавіцкай арганізацыі ТБМ Віктар Сырыца.

Подпісы збіраюцца на імя старшыні Мілавідскай выканаўчай рады і дырэктара Мілавідскай сярэдняй школы. У 1993 годзе апошняй прысвоілі імя Аляксандра Лянкевіча – кіраўніка аб’яднанымі атрадамі паўстанцаў 1863 года. Тады на будынку павесілі адпаведную шыльду, але цяпер яе чамусьці няма.

Гэты год абвешчаны дэмакратычнаю грамадскасцю годам памяці нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863–1864 гадоў. Тым часам афіцыйныя ўлады імкнуцца абыходзіць гэтую тэму, абвесціўшы 2013-ты Годам эканоміі ды ашчаднасці. Замест гэткіх ініцыятываў дзеля папулярызацыі памяці паўстанцаў праўладныя арганізацыі адраджаюць традыцыі савецкіх часоў. Напрыклад, у Беларусі абвесцілі пра стварэнне “цімураўскіх” піянерскіх атрадаў.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары