Жаўнеры БНР на вуліцах Варшавы. Парад прыняў прэзідэнт


https://youtu.be/GQJ3XrK5UE4
У Варшаве праходзяць святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя ўгодкам перамогі палякаў над бальшавікамі ў Варшаўскай бітве 1920 года.

З гэтай нагоды ў польскай сталіцы перад рэзідэнцыяй прэзідэнта Браніслава Камароўскага прайшоў парад рэканструктараў, у якім ўзялі ўдзел польскія пехацінцы ў мундзірах узору 1919 года, аддзел кулямётчыкаў, артылерысты і падраздзяленне кавалерыстаў.

Упершыню ў гісторыі на ўрачыстасці з’явіліся таксама разнастайныя саюзнікі польскага войска ў вайне з бальшавікамі: амерыканскія лётчыкі, французскія жаўнеры, ваяры галоўнага атамана войскаў Украінскай Народнай Рэспублікі Сымона Пятлюры і расейскія казакі.

У шэсці ішлі таксама 5 асобаў у мундзірах 1-га Слуцкага палка стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі, з іх – двое беларусаў і трое палякаў. На ўніформах случчакоў былі пачэпленыя кукарды БНР. Пагоны ды іншая вайсковая атрыбутыка – бел-чырвона-белыя. Праўда, польская публіка чамусьці прымала беларусаў за рэпрэзентантаў Чырвонай Арміі.
{movie}Рэканструктары ў мундзірах 1-га Слуцкага палка стральцоў БНР у Варшаве|right|12060{/movie}
Усяго ж у парадзе рэканструктараў бралі ўдзел каля 200 асобаў. Шэсце прыняў польскі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі разам ж жонкаю і прадстаўнікамі польскага ўраду.

«Слуцкі збройны чын – гэта сапраўдны гонар беларусаў. Бо тады без асаблівага падтрымання, калі ніхто не казаў пра незалежнасць беларусаў, яны выйшлі ды сказалі: мы маем права на сваю дзяржаву, на сваю ўладу, маем права быць людзьмі. Таму мы сёння тут, каб ушанаваць памяць не толькі палякаў, якія змагаліся за сваю незалежнасць, але і тых беларусаў, якія не пабаяліся выступіць у шэрагах за сваё», – адзначыў адзін з рэканструктараў Андрэй Радкоў.

Варшаўская бітва (часам завецца Цудам над Віслаю) увайшла ў спіс 18 найбольш значных і пераломных бітваў сусветнай гісторыі ды працягвалася з 12 да 25 жніўня 1920 года паміж войскамі Чырвонай Арміі пад камандаваннем Міхаіла Тухачэўскага і войскамі Юзафа Пілсудскага. Ашаламляльная, нечаканая польская перамога ў гэтай бітве зламала бальшавіцкія сілы, натхніла палякаў на новыя перамогі, дзякуючы чаму ўдалося абараніць незалежнасць Польшчы.

15 жніўня ў каталіцкае свята Унебаўзяцця Маці Божай у гонар перамогі над Віслаю ў Польшчы адзначаецца Дзень Польскага Войска.

Случчакі і палякі – што яднае?

У жніўні 1920 года, калі пад Варшаваю свісталі кулі, у польскай сталіцы знайшлі прытулак прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага камітэту і Рады БНР: Вацлаў Іваноўскі, Кузьма Цярэшчанка, Браніслаў Тарашкевіч ды іншыя, якія ўцяклі з Менску ад бальшавіцкай акупацыі.

Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі Слуцкага паўстання не мелі беспасярэдніх сувязяў з Радаю БНР, сучасныя беларускія гісторыкі лічаць Слуцкі збройны чын эпізодам гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Каля 4 тыс. беларусаў, якія ўваходзілі ў склад Слуцкай брыгады, восенню 1920 года, гэтаксама як і польскае войска, змагаліся супраць Чырвонай Арміі, але пацярпелі паразу ад бальшавікоў. Ваенныя дзеянні з удзелам случчакоў, галоўным чынам партызанскага характару, доўжыліся амаль да канца снежня 1920 года. Пасля слуцкія паўстанцы, як і армія С. Булак-Балаховіча, адышлі на тэрыторыю Польшчы, дзе іх раззброілі.

Больш інфармацыі – у матэрыяле Марціна Ярскага ў сённяшнім галоўным выданні «Аб’ектыву» а 21:00, якое можна таксама паглядзець і ў наўпроставай трансляцыі на нашым сайце belsat.eu, а пасля эфіру – у закладцы «Аб’ектыў».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары