Лябедзьку і Бузінаева адпусцілі з міліцыі ў Бабруйску, але будуць судзіць


Міліцыянты перашкодзілі актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі размаўляць з бабруйцамі ды дзяліцца з імі бюлетэнямі пра карупцыю.

Лідара АГП Анатоля Лябедзьку і старшыню Бабруйскай гарадской арганізацыі АГП Віктара Бузінаева затрымалі 14 жніўня каля прахадной прадпрыемства «Белшына», дзе актывісты раздавалі працаўнікам бюлетэні партыі АГП ды кантактавалі з людзьмі. Міліцыянты завялі дзеячаў у пастарунак і не адпускалі каля трох з паловаю гадзінаў. «Пратрымалі, што незаконна, потым уручылі позвы ў суд на 20 жніўня паводле артыкулу 22.9 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях (парушэнне заканадаўства пра сродкі масавай інфармацыі. – «Белсат»)», – адзначыў кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька.

Паводле яго, праваахоўнікі маюць прэтэнзіі да вырабу і распаўсюду друкаваных выданняў. «У нас сканфіскавалі 305 асобнікаў бюлетэню «Голас розуму», а ў выходных звестках – 295. Фармальна для іх гэта прычына, што мы нібыта нешта парушылі», – адзначыў апазіцыйны палітык.

Пры гэтым Лябедзька лічыць важным і відавочным іншае: апазіцыянераў затрымалі за тэмы, з якімі АГП ідзе да людзей: «Адзін бюлетэнь быў пра карупцыю, другі – пра прыватызацыю. Мы разумеем, што гэта хворыя тэмы для ўлады. З іншага боку, прыход да тых людзей, хто, як правіла, не мае ні інтэрнэту, ні доступу да іншай інфармацыі, – гэта ўжо вельмі добра, гэта выдатна. Таму, я думаю, на гэта і было рэагаванне, а не на тое, што мы сёння нешта парушылі».

Паводле інфармацыі сайту АГП, 14 жніўня Анатоль Лябедзька і старшыня Менскай гарадской арганізацыі АГП Анатоль Паўлаў былі ў Бабруйску, дзе меліся ўзяць удзел у круглым стале аб праблемах адукацыі. Пачатак быў запланаваны на 17:30. Аднак Лябедзьку затрымалі, і круглы стол адбыўся без яго ўдзелу.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары