«Белсат» наведаў магілу беларускага атамана ў Варшаве


https://youtu.be/zyn9vvshvok
Доўгачаканая знаходка. Арганізацыя «Беларуская нацыянальная памяць» адшукала магілу аднаго з кіраўнікоў беларускага антысавецкага супраціву Цімафея Хведашчэні. Партызанскі атаман знайшоў вечны спакой на Паўночных могілках Варшавы. На пошукі магілы Хведашчэні пайшло 2 гады працы. Актывісты кажуць, што практычна абыйшлі ўсе могілкі ў Польшчы.

АНАТОЛЬ МІХНАВЕЦ, «БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ПАМЯЦЬ»:
«Ніхто не ведаў дакладна, дзе ён пахаваны, у якім годзе наогул ён памёр, шмат пра яго чыталі ў інтэрнэце, у кніжках, размаўлялі з гісторыкамі».

У пошуках у польскіх вайсковых архівах дапамог палкоўнік польскага войска, беларус Юрый Зюзя. З архіву і стала вядома, што змагар з бальшавікамі памёр у 1977 годзе.
{movie}Магіла атамана|right|12039{/movie}
АНАТОЛЬ МІХНАВЕЦ, «БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ПАМЯЦЬ»:
«У Цімафея Хведашчэні была баявая маладосць, вельмі цікавае жыццё, у 1920-я гады ён змагаўся ў беларускіх нацыянальных фармацыях, у Слуцкім паўстанні, у войску генерала Булак-Булаховіча, пазней займаўся дыверсійнай дзейнасцю, і ў шэрагах «Зялёнага дуба» быў, знакамітай арганізацыі».

Нарадзінец Лунінеччыны, Цімафей Хведашчэня заўжды заставаўся прыхільнікам незалежнай Беларусі. За яе і змагаўся. Падчас Другой сусветнай вайны Хведашчэня быў дырэктарам беларускай школы ў Белавежы. За дзейнасць на карысць беларускага адраджэння Хведашчэню нават арыштоўвалі, ён сядзеў у польскай турме.

Апроч магілы Цімафея Хведашчэні, актывісты «Беларускай нацыянальнай памяці» некалькі гадоў таму адшукалі ў Варшаве месца спачыну каханай Кастуся Каліноўскага Марыі Ямант, якой кіраўнік паўстанцаў прысвяціў свой верш «Марыська чарнаброва, галубка мая…».

Дзякуючы высілкам дзеячаў БНП у Парыжы была знойдзеная магіла прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка, помнік слуцкім паўстанцам у Баварыі, які пасля вайны ўзвялі бежанцы з Беларусі, у Шчэціне (Польшча) – магіла аднаго з кіраўнікоў Слуцкага паўстання Антона Сокала-Кутыноўскага.

Апроч пошуку, актывісты БНП даглядаюць ўжо вядомыя магілы беларускіх дзеячаў, да прыкладу, месца спачыну беларускага і польскага пісьменніка Адама Плуга ў Варшаве і аўтара музыкі гімна «Магутны Божа» Міколы Равенскага ў бельгійскім Лювэне.

Марцін Ярскі, МЯ, «Аб’ектыў», belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары