Дарагое прэзідэнцтва


Як менш спажываць вады і электраэнэргіі, як танней выправіць дзіцё ў школу ды ад якіх харчоў варта адмовіцца, кіраўнік краіны, які пачынаў свой палітычны ўзлёт як змагар з карупцыяй, суграмадзянам патлумачыў. Аднак не на ўласным прыкладзе. У Менску поўнаю хадою ідзе будаўніцтва ўжо дванаццатай рэзідэнцыі для Лукашэнкі.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:
«Мала таго, што невядома колькі соцень мільёнаў долараў на гэта пойдзе, на апошнюю рэзідэнцыю – гэта ж трэба ўтрымоўваць!».

Колькі будзе каштаваць паляпшэнне жыллёвых умоваў Лукашэнкі дзевяці з паловаю мільёнам беларусаў, Аб’яднаная грамадзянская партыя запыталася ў міністра фінансаў Андрэя Харкаўца. І хоць на шчырасць і канкрэтыку чыноўніка Анатоль Лябедзька асабліва не спадзяецца, уздымаць праблему карупцыі ва ўладзе, АГП збіраецца і надалей.
{movie}Дарагое прэзідэнцтва |right|12033{/movie}
АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:
«Улада ў адным вымярэнні жыве, а ўсе астатнія – у іншым. Для адных ёсць абавязкі, для іншых – правы. Калі няма кантролю, грамадзянскага, парламенцкага, грамадскага, тады губляюцца межы, дзе ты павінен і можаш спыніцца».

Гадзіннік за адзінаццаць тысяч еўраў, аўтамабіль за 400 тысяч еўраў, самалёт прынамсі за 100 мільёнаў долараў, адная з найбольшых у свеце колькасць рэзідэнцыяў… Навошта кіраўніку далёка не самай вялікай і багатай краіны, абцяжаранай велізарнымі пазыкамі, гэткая раскоша?

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
«Я ж прэзідэнт! Вы б сказалі: «Не, ты не павінен ужываны самалёт купляць – гэта прэстыж краіны! Ты павінен новы купіць самалёт!». А я – дзеля таго, каб ашчадзіць, бо новы самалёт каштуе ў два з паловаю разы даражэйшы за той, які нам прадаў туркменскі бок. Каб ашчадзіць! Год беражлівасці, разумееце?».

Ці ўсе беларусы разумеюць беражлівасць падобным чынам? „Аб’ектыў” запытаў жыхароў Менску – літаральна насупраць новай рэзідэнцыі Лукашэнкі.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
«Занадта шмат, але прэзідэнту лепш бачна».
«Лепш для простага народу нешта рабіць, чым будаваць лішнія рэзідэнцыі».
«Выкінутыя грошы. Лепш было б накіраваць куды-небудзь на ахову здароўя».
«Вельмі добра, што будуецца! Значыць, ёсць за што будаваць!».

Дык можа і сапраўды больш праблем, на развязанне якіх варта выдаткаваць народныя грошы найперш, у Беларусі няма?

СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ, ПЕРШЫ КІРАЎНІК НЕЗАЛЕЖНАЙ БЕЛАРУСІ:
«Калі ў нас ёсць шмат ветэранаў, незабяспечаных на сённяшні дзень годным жытлом, калі шмат бедных, калі на сацыяльныя праграмы не знаходзіцца грошай, калі на беларускамоўную адукацыю няма грошай, у гэты час шыкаваць у рэзідэнцыях можа толькі чалавек з абмежаванай адукаванасцю і абмежаванай духоўнасцю».

Дык, можа, варта ашчадзіць на гэткай уладзе? Год беражлівасці ўсё-ткі.

Валеры Руселік, «Аб’ектыў», belsat.eu

https://youtu.be/uHB7q1K0VxU

Глядзі таксама
Каментары