Прыхільнікі Алеся Міхалевіча аб’яднаюцца ў палітычную сілу


Аднак ніякіх палітычных акцыяў да вызвалення лідара не плануецца

Саюз “За мадэрнізацыю” ўзначальвае экс-кандыдат на прэзідэнта, абвінавачаны ў справе па масавых закалотах 19 снежня 2010 г., які да гэтае пары ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ. Паводле прэс-службы саюзу, плануецца “арганізаваць прыхільнікаў Алеся Міхалевіча ў палітычную сілу, мэтай якой будзе распаўсюджванне мадэрнізацыйных ідэяў, закладзеных у праграме экс-кандыдата”.

Таксама было прынятае рашэнне пра тое, што новая палітычная сіла не будзе выкарыстоўвацца для грамадска-палітычных акцыяў, пакуль Алесь Міхалевіч застаецца за кратамі. Таму яе дзейнасць будзе абмежаваная пакуль толькі прадстаўнічымі функцыямі.

На паседжанні саюзу “За мадэрнізацыю” было адзначана: “Разлік існай улады на сілавое падаўленне іншадумства негатыўна адлюстраваўся на магчымасцях і тэмпах развіцця краіны. І небяспека не толькі ў тым, што намаганні любым коштам захаваць палітычны статус-кво шкодзяць інтарэсам Беларусі. Як паказваюць апошнія падзеі ў свеце, менавіта такая палітыка можа выклікаць стыхійныя пратэсты, што ператвараюцца ў сапраўдныя масавыя беспарадкі і пагромы”.

Рада саюзу выразіла салідарнасць з усімі палітвязнямі, адзначыўшы неадэкватна жорсткую рэакцыю спецслужбаў і хвалю палітычных рэпрэсіяў пасля падзеяў 19 снежня.

Да вызвалення Алеся Міхалевіча ягоным афіцыйным прадстаўніком абралі навукоўца Канстанціна Лукашова.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары