Як у ЕЗ размяркоўваюць дапамогу беларусам і хто яе можа атрымаць?


Еўрапейская камісія выдзеліць дадатковыя 30 мільёнаў еўраў дзеля падтрымання народу Беларусі. У Бруселі заяўляюць, што гэтыя сродкі дапоўняць існае падтрыманне з боку ЕЗ для моладзі, незалежных медыяў, малых і сярэдніх прадпрыемстваў у выгнанні і культуры. Фандрайзеры распавядаюць «Белсату» што пакуль у ЕЗ агучылі намер вылучыць сродкі, а конкурс на атрыманне фінансавання пакуль не аб’явілі.

Прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен падчас штогадовага звароту прэзідэнткі Еўракамісіі аб стане звязу («State of the Union») перад Еўрапарламентам. 15 верасня 2021 года.
Фота: europa.eu

У Еўракамісіі «Белсату» распавялі, што са жніўня 2020 году агулам ЕЗ выдзеліў 65 мільёнаў еўраў дапамогі народу Беларусі. Дадатковыя 30 мільёнаў еўраў у першую чаргу накіруюць незалежным СМІ, а таксама дзеля пашырэння кантактаў паміж людзьмі, асабліва сярод моладзі, навуковых працаўнікоў і спецыялістаў. Сродкі атрымаюць дробныя і сярэднія прадпрымальнікі, якія вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі, а таксама і культурніцка-мастацкія ініцыятывы і беларускіх мастакоў за мяжой.

«Мэтай гэтага павелічэння дапамогі зʼяўляецца ўмацаванне ўстойлівасці і здольнасці беларускага народа, які пацярпеў ад палітычнага крызісу, спрыяць дэмакратычным зменам у Беларусі з акцэнтам на ключавых прыярытэтных сферах», – распавялі «Белсату» ў Еўракамісіі.

Артыкулы
Еўразвяз і ЗША заклікалі вызваліць асуджаных у «справе Ціханоўскага»
2021.12.14 20:44

Менеджары, якія працуюць у недзяржаўных структурах на ўмовах ананімнасці распавялі «Белсату», што пакуль не вядомыя механізмы атрымання гэтых дадатковых сродкаў. Раней грошы атрымлівалі арганізацыі праз конкурсы. Але пакуль конкурс не агучылі.

«Так разумею, што цяпер распрацоўваюць механізмы выдзялення гэтых сродкаў. Еўразвяз патрабуе празрыстасці і юрыдычнай чысціні. Але ж у Беларусі не засталося недзяржаўных арганізацыяў і незалежных медыяў. Пры гэтым патрабаванні да атрымальнікаў сродкаў з боку ЕЗ даволі строгія, сярод якіх і юрыдычная рэгістрацыя. Таму мусяць вырашыць, як легальна ў краіну могуць паступіць сродкі. Вядома, што гэта зойме пэўны час», – кажа суразмоўца «Белсату», фандрайзер.

Эксперт кажа, што і раней неаднаразова з Беларусі гучалі пасылы пра неабходнасць дастасавання фінансавых механізмаў да існай сітуацыі ў краіне. У Еўракамісіі звычайна ладзяць кансультацыі перад размеркаваннем сродкаў. Есць адмысловая структура, адказная за фінансаванне, якая дапамагае Еўракамісіі. Як цяпер будзе выглядаць сітуацыя – сказаць складана. Пасля размеркавання сродкаў абавязковая мае быць справаздача, наколькі сродкі выдаткавалі згодна з еўрапейскім правам.

«Мне падаецца, што будзе даволі складана знайсці спосаб эфектыўна выдаткаваць гэтыя грошы. Цяпер патрэбная так бы мовіць «партызанская дапамога», але структуры ЕЗ вельмі недапасаваныя да такіх рэчаў».

Цікава, што прымаць удзел у конкурсах на фінансаванне могуць не толькі структуры НДА, але таксама нават і праўладныя арганізацыі. Пры гэтым, як кажа фандрайзер, яны маюць неблагія шанцы атрымаць сродкі, паколькі маюць юрыдычную рэгістрацыю і дапамогу з боку дзяржавы.

«Увогуле ў ЕЗ могуць вырашыць, што лепей хоць які-кольвек дыялог, хоць якая-кольвек супраца, чым ніякай. Таму нейкую частку сродкаў могуць выдаткаваць на структуры, якія стварылі пры беларускім МЗС, напрыклад. І гэтыя структуры маюць неблагія шанцы на фінансаванне», – кажа менеджар.

Артыкулы
Еўразвяз вылучыць яшчэ € 30 млн для падтрымкі беларускага дэмакратычнага грамадства
2021.12.12 21:46

ІК belsat.eu

Стужка навінаў