14 снежня 2021 года суд Дзяржынску і Дзяржынскага раёну прызнаў 40-гадовага палітзняволенага Андрэя Рунцо вінаватым паводле арт. 364 і арт. 389 Крымінальнага кодэксу і асудзіў яго да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пра гэта паведамляе праваабарончы партал spring96.org.
Канчатковы тэрмін вынесены шляхам частковага складання пакаранняў: 1,5 года – паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў») і 2 гады – паводле арт. 389 КК («Пагроза ў дачыненні суддзі ці народнага засядацеля»).
Таксама суддзя Раман Крыловіч абавязаў Рунцо выплаціць 1500 рублёў маральнай шкоды на карысць пацярпелага міліцыянта Калкоўскага.
Бок дзяржаўнага абвінавачання падтрымліваў намеснік пракурора Дзяржынскага раёну Аляксандр Кардзіс.
Першапачаткова Рунцо затрымалі ў межах ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу за тое, што прынёс да дому міліцыянта рытуальны вянок.
Андрэй Рунцо – грузчык, бацька дваіх дзяцей. Таксама ён мае інваліднасць трэцяй групы. У апошнім слове ён папрасіў прабачэння ў пацярпелых, суда і прысутных у зале людзей, а таксама – не караць яго строга.
РР belsat.eu