За арганізацыю незаконнай міграцыі будуць судзіць кіраўнікоў менскай турфірмы


У Менску восем чалавек будуць судзіць за арганізацыю незаконнай міграцыі, трое з іх – кіраўнікі турфірмы. У пракуратуры паведамляюць, што яны дапамагалі замежнікам атрымаць беларускую візу, а потым нелегальна перайсці мяжу. За гэта яны атрымалі дзясяткі тысяч долараў.

Мігранты каля ГЦ «Galleria Minsk». Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Работнікаў турфірмы абвінавачваюць у арганізацыі незаконнай міграцыі, учыненай групай асобаў паводле папярэдняй змовы, а таксама службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 371-1 КК). Абвінавачаным ад 23 да 42 гадоў.

Згодна з матэрыяламі справы, трое кіраўнікоў турфірмы, якая займаецца ўязным турызмам, стварылі злачынную групу з не менш як васьмі чалавек. За свае паслугі абвінавачаныя атрымалі ад 4,5 тысячы да 36,3 тысячы долараў.

«У прыватнасці, чальцы злачыннай супольнасці арганізавалі атрыманне замежнымі грамадзянамі ўязных візаў у Беларусь і іх побыт у краіне, а таксама незаконны пераход гэтымі замежнікамі дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь», – паведамілі ў пракуратуры.

З васьмі чалавек, якія праходзяць у справе, чацвёра ўтрымліваюцца пад вартаю.

У пачатку верасня пад Менскам затрымалі групу мігрантаў з Індыі, якія нелегальна былі ў Беларусі і планавалі трапіць у Латвію. Затрымлівалі мігрантаў АМАП і супрацоўнікі абласнога ўпраўлення грамадзянства і міграцыі. У Беларусь яны трапілі з Расеі наземным транспартам, беларускіх візаў не мелі.

Hавiны
На латвійскай мяжы зафіксавана самая вялікая колькасць мігрантаў
2023.09.11 17:51

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў