КНДР замест СНД. Як Крэмль губляе ўплыў на постсавецкай прасторы


13 верасня адбылася першая за апошнія пяць гадоў сустрэча прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і лідара КНДР Кім Чэн Ына, якая суправаджалася пафаснаю прапагандысцкаю рыторыкаю пра супольную барацьбу супраць імперыялізму. Дэманстрацыя сяброўства Расеі і Паўночнай Карэі адбываецца на фоне новых скандалаў у стасунках з Арменіяй і Азербайджанам, якія ўсё больш аддаляюцца ад Масквы. Belsat.eu апавядае, як агрэсія супраць Украіны пахіснула аўтарытэт Расеі ў краінах СНД.

Уладзімір Пуцін і Кім Чэн Ын бяруць удзел у сустрэчы на касмадроме «Усходні» ў Амурскай вобласці, Расея. 13 верасня 2023 года.
Фота: Artem Geodakyan/Pool / Sputnik / Reuters / Forum

Заходнія выданні прагназавалі, што падчас візіту ў РФ Кім Чэн Ын і Пуцін будуць дамаўляцца пра пастаўкі паўночнакарэйскіх боепрыпасаў для расейскай арміі ў абмен на вайсковыя тэхналогіі і харчы, аднак публічна на сустрэчы двух лідараў пра гэта нічога не адзначалася. Затое Кім Чэн Ын заявіў, што падтрымлівае Пуціна ў «святой вайне» (агрэсіі супраць Украіны) і супрацьстаянні «гегеманістычным сілам» (Захаду). Што, праўда, зусім не навіна: КНДР раней адкрыта прызнала анексію Расеяй украінскіх тэрыторыяў.

У рэпутацыйным плане сяброўства Кіма і Пуціна ды заявы пра супрацьстаянне «заходняму імперыялізму», хутчэй, шкодзяць Крамлю. КНДР – краіна-ізгой, якая мае ў свеце імідж карыкатурнай дыктатуры. Нават Расея і Кітай на ўзроўні Рады бяспекі ААН раней падтрымлівалі санкцыі супраць Пхеньяну. Таму спроба Масквы зрабіць з КНДР новага саюзніка выглядае не поспехам, а ўскосным доказам правалу расейскай міжнароднай палітыкі.

«Паўтара года таму Уладзімір Пуцін пачаў гэтую вайну, думаючы, што ён збіраецца аднавіць славу Расейскай імперыі, праваліўся ўва ўсіх сваіх максімалісцкіх, імперыялістычных мэтах. А цяпер, праз паўтара года, страціўшы дзясяткі тысячаў расейскіх салдатаў і выдаткаваўшы мільярды і мільярды долараў, ён моліць Кім Чэн Ына пра дапамогу», – пракаментаваў гэтую сустрэчу прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Мэт’ю Мілер.

Арменія: серыя «недружалюбных» крокаў

Спрабуючы знайсці сабе саюзнікаў сярод краінаў-ізгояў у розных частках свету, Крэмль пры гэтым усё больш губляе ўплыў на постсавецкай прасторы, якая мелася б стацца асноваю для адраджэння імперыі.

У дзень, калі ладзілі перамовы Кім і Пуцін, знакавую заяву зрабіў прэм’ер-міністр Нікол Пашыньян. У інтэрв’ю выданню Politico ён падкрэсліў: праз расейскую агрэсію супраць Украіны Арменія больш не можа спадзявацца на Маскву як гаранта сваёй бяспекі. Дзейнасць расейскіх міратворцаў у Нагорным Карабаху ён назваў правальнаю. «Нашая стратэгія павінна палягаць у тым, каб паспрабаваць у гэтай сітуацыі максімальна зменшыць нашую залежнасць ад іншых», – патлумачыў палітык, яўна намякаючы на РФ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Расейскі кантрольна-прапускны пункт у Сцепанакерце, Арменія.
Фота: Marut Vanyan / Zuma Press / Forum

Заява была зробленая на фоне супольных вучэнняў Арменіі і ЗША «Eagle Partner». Хаця іх маштаб вельмі сціплы (бяруць удзел 85 амерыканскіх і 175 армянскіх вайскоўцаў), іх палітычнага значэння не варта недаацэньваць: гэта сімвал таго, што Арменія шукае сабе новых саюзнікаў. У Крамлі ў сувязі з гэтым выказалі насцярожанасць.

Адпаведныя працэсы Ерэван запусціў у канцы 2022 года, калі стала канчаткова ясна, што Расея не збіраецца дапамагаць армянам у канфлікце з Азербайджанам. Пашыньян у верасні 2022 года афіцыйна звярнуўся да краінаў АДКБ з просьбаю дапамагчы «аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць Арменіі ды забяспечыць вывад азербайджанскіх войскаў». Аднак Расея, якая ўсе рэсурсы скіравала на вайну з Украінаю, адыграць у гэтай сітуацыі актыўную ролю была ўжо не здольная. Масква і ўвесь блок АДКБ фактычна самаўхіліўся ад гэтага канфлікту. А Ерэван зрабіў адпаведныя высновы.

Аналітыка
Арменія развітваецца з Расеяй і АДКБ? Што адбываецца паміж Ерэванам і Масквой
2023.09.08 07:15

Спачатку ў лістападзе Пашыньян адмовіўся падпісваць супольную дэкларацыю саміту АДКБ. Потым Арменія адмовілася браць удзел у супольных вучэннях. Калі ўзнікла праблема блакады Нагорнага Карабаху, якой Расея не здолела развязаць, рашучасць Ерэвану толькі ўзмацнілася. У траўні 2023 года Пашыньян дапусціў, што краіна можа ўвогуле выйсці з АДКБ.

У верасні Ерэван зрабіў адразу серыю палітычных крокаў, якія павінны былі абурыць Маскву. 5 верасня АДКБ быў адкліканы пастаянны прадстаўнік Арменіі – яго прызначылі амбасадарам у Нідэрланды. 6 верасня жонка прэм’ер-міністра Арменіі Анна Гакап’ян наведала Кіеў і ўпершыню з пачатку вайны перадала Украіне гуманітарную дапамогу з боку Арменіі. А спікер парламенту Арменіі Ален Сіманьян, каментуючы выказванні прадстаўніцы МЗС РФ Марыі Захаравай, назваў яе «нейкаю сакратаркаю», на якую не варта звяртаць увагу.

Акрамя таго, армянскія ўлады запусцілі працэс ратыфікацыі Рымскага статуту, на падставе якога дзеіць Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе. МКС у Гаазе ў сакавіку 2023 года выдаў ордар на арышт Пуціна за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, таму ратыфікацыя Рымскага статуту дэ-факта будзе азначаць падтрыманне Ерэванам гэтага рашэння. У выпадку візіту Пуціна ў Арменію армянскія ўлады павінны будуць арыштаваць свайго саюзніка.

МЗС РФ у адказ паспяшаўся «зрабіць жорсткае прадстаўленне» амбасадару Арменіі ў Маскве ў сувязі з «серыяй недружалюбных крокаў». Аднак незадаволенасць Крамля не паўплывала на Пашыньяна. 13 верасня прэм’ер-міністр Арменіі пацвердзіў, што Рымскі статут усё роўна будзе ратыфікаваны, хоць і дадаў, што гэтае рашэнне нібыта не мае ніякага дачынення да стасункаў Арменіі і Расеі. «На жаль, у кантэксце стасункаў паміж Расейскай Федэрацыяй і Гаагскім крымінальным судом адбылося дрэннае супадзенне», – заявіў ён.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра гуманітарны крызіс у Нагорным Карабаху
2023.09.10 08:00

Азербайджан: яшчэ адзін «нож у спіну»

Засмучаў Маскву і праціўнік Арменіі – Азербайджан. 9 верасня МЗС Азербайджану апублікаваў адмысловую заяву адносна рэгіянальных выбараў, якія Расея ладзіла на акупаваных тэрыторыях Украіны. Паводле афіцыйнага Баку, гэтыя «выбары» не маюць юрыдычнай сілы і не ёсць легітымнымі. МЗС РФ выказаў у сувязі з гэтым дэмарш.

Становішча Азербайджану выглядае значна прасцей, чымся ў Арменіі, бо гэтая краіна мае моцнага саюзніка – Турэччыну. Акрамя таго, Баку не звязаны з Масквой удзелам у такіх інтэграцыйных аб’яднаннях, як АДКБ і ЕАЭС – яны разам уваходзяць толькі ў СНД. Усё гэта апрыёры дазваляе азербайджанскаму боку дзеяць больш свабодна.

Аналітыка
Хто спрабуе «перавярнуць стол» у Закаўказзі? Што стаіць за канфліктам паміж Арменіяй і Азербайджанам
2022.09.13 18:00

За два дні да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Расея і Азербайджан падпісалі супольную дэкларацыю пра супрацу, якая ў тым ліку прадугледжвала перадачу вайсковай дапамогі адно адному «дзеля запэўнівання бяспекі, падтрымання міру і стабільнасці». Аднак Маскоўская дэкларацыя не зрабіла з Азербайджану вайсковага саюзніка РФ – агрэсію супраць Украіны афіцыйны Баку не падтрымаў. Азербайджан працягнуў пастаўляць Украіне нафтапрадукты, а таксама скіроўваў украінцам гуманітарную дапамогу, у тым ліку электрагенератары і трансфарматары.

Пры гэтым Азербайджан з самога пачатку спрабаваў весці сябе максімальна асцярожна, каб не ўступіць у канфрантацыю з Расеяй. Напрыклад, азербайджанская дэлегацыя ў ААН проста прагуляла паседжанне ААН, на якім прымалася рэзалюцыя з асуджэннем поўнамаштабнага ўварвання Расеі. Аднак зразумеўшы, што Расея завязла ў вайне і апынулася ў міжнароднай ізаляцыі, афіцыйны Баку стаў дзеяць больш смела – як у пытанні канчатковага развязання праблемы Нагорнага Карабаху, гэтак і адносна супрацы з Украінаю.

1 ліпеня 2023 года ў Кішынэве прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў упершыню пасля пачатку вайны сустрэўся з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Лідары Азербайджану і Украіны тады падкрэслілі, што падтрымліваюць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт адно аднога (абураныя пракрамлёўскія прапагандысты назвалі сустрэчу ў Кішынэве антырасейскім шабашам). Аліеў прызначыў у Кіеў новага амбасадара і ўхваліў выдзяленне $ 7,6 млн на закупы энергетычнага абсталявання для патрэбаў Украіны.

«Хочам выказаць захапленне вашаю стойкасцю і мужнасцю ў адпоры агрэсіі РФ. Менавіта таму мы пастанавілі павялічыць памер пакету дапамогі Украіне, у тым ліку і ў пытанні гуманітарнага размінавання. Мы ўжо ўзялі на сябе палітычныя абавязкі адносна дапамогі Украіне», – заявіў 11 жніўня новы амбасадар Азербайджану ва Украіне Сеймур Мардаліеў.

Расейскія прапагандысты ахарактарызавалі гэтую заяву дыпламата як нож у спіну.

24 жніўня Аліеў скіраваў Зяленскаму падкрэслена цёплыя віншаванні з Днём незалежнасці, у якім ізноў заявіў пра павагу да тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і паабяцаў надаць неабходную гуманітарную дапамогу ў будучыні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Зяленскі і Ільхам Аліеў размаўляюць падчас сустрэчы Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Малдове. 1 чэрвеня 2023 года.
Фота: Ukrainian Presidental Press Ssr / Reuters / Forum

Дзёрзкасць Такаева, папрокі Рахмона

Апошнія падзеі, датычныя стасункаў Арменіі ды Азербайджану з Крамлём, толькі падкрэсліваюць тую тэндэнцыю, якая стала паступова праяўляцца пасля 24 лютага 2022 года.

Акрамя Беларусі, ніводная краіна на постсавецкай прасторы не падтрымала агрэсіі Расеі супраць Украіны. Легітымнасць новых межаў Расеі – анексію ўкраінскіх тэрыторыяў – увогуле прызнала толькі КНДР і Сірыя (нават Менск тут прамаўчаў).

Саюзнікі і партнёры РФ з АДКБ, ЕАЭС і СНД імкнуцца захоўваць нейтралітэт у дачыненні гэтага ўзброенага канфлікту і не спяшаюцца разрываць сувязяў з Масквою. Калі трэба і калі гэта не пацягне за сабою сур’ёзных палітычных наступстваў, яны гатовыя дэманстраваць сваю лаяльнасць, каб дагадзіць Пуціну. Напрыклад, як гэта было ў выпадку супольнага візіту лідараў СНД у Маскву 9 траўня. Разам з тым, большасць саюзнікаў Расеі на постсавецкай прасторы адзначыліся дзеяннямі, якія недвухсэнсоўна сведчаць пра тое, што аўтарытэт Крамля ў іх вачах істотна аслабеў.

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў у чэрвені 2022 года на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме ў прысутнасці Пуціна заявіў, што не збіраецца прызнаваць самаабвешчаных ДНР і ЛНР, назваўшы іх «квазідзяржаўнымі тэрыторыямі». У ліпені 2022-га прэзідэнт Казахстану загадаў наладзіць продаж нафты праз транскаспійскі маршрут, то бок у абыход Расеі. «Пасля 24 лютага [Расея] павольна, але няўхільна губляе Астану», – вымушана было канстатаваць нават лаяльнае Крамлю выданне «Коммерсант».

Каментар
Смеласць, ці хітрасць? Эксперты – пра «дэмарш» прэзідэнта Казахстану Такаева
2022.06.20 19:43

У траўні 2023 года на Еўразійскім эканамічным форуме Такаеў адкрыта троліў Лукашэнку і Пуціна, якія «нават ядравую зброю маюць адну на двух», і разважаў у звязку з гэтым пра канцэптуальныя праблемы развіцця ЕАЭС. Фактычна Казахстан выразна акрэсліў сваё бачанне далейшых стасункаў з РФ: маўляў, эканамічная супраца – гэта добра, але ў канфлікт з усім светам разам з вамі ніхто ўвязвацца не збіраецца. Дыстанцыюецца Казахстан ад Расеі і на культурніцкім узроўні, рэгулярна скасоўваючы канцэрты расейскіх зорак, якія падтрымалі вайну.

Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон у кастрычніку 2022 года публічна папракнуў Пуціна на саміце СНД, што Расея ставіцца да краінаў Цэнтральнай Азіі як да былога СССР. «Мы хочам, каб нас паважалі», – заявіў Рахмон. Акрамя таго, летась МЗС Таджыкістану выступаў з тлумачэннем, што ўлады супраць таго, каб таджыкаў у РФ вербавалі на вайну або на працу на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Адзначыўся ў спробах палітычна дыстанцыявацца ад Масквы і Узбекістан. У снежні 2022 года Ташкент адмовіўся ўступаць у «газавы саюз» з Расеяй і падкрэсліў, што «ніколі не пойдзе на палітычныя ўмовы ў абмен на газ». Што, праўда, не перашкодзіла Узбекістану заключыць з Расеяй звычайныя газавыя кантракты і актыўна супрацоўнічаць у энергетычнай сферы.

Імаверна, найлепш Расея пакуль захоўвае свае пазіцыі ў Кыргызстане і Туркменістане – прынамсі кіраўніцтва гэтых краінаў у 2022–2023 гадах не дапускала адкрытых пікіраванняў з Крамлём. Паводле медыяў, туркменскія чыноўнікі ладзяць пракрамлёўскія прапагандысцкія захады, падчас якіх вінавацяць Захад у правакаванні вайны ва Украіне. А кіргізскія кампаніі, як лічаць у ЗША, адыгрываюць важную ролю ў абыходзе заходніх санкцыяў (хаця ў кантрабандзе былі заўважаныя і іншыя краіны СНД).

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў