Старшы следчы Бялыніцкага райаддзелу Следчага камітэту Ю.Яцкоў перадаў арыштаваную маёмасць грамадскага актывіста Алега Мяцеліцы прадстаўніку Галоўчынскага сельсавету. Раней аграсядзіба «Старкі» ў вёсцы Ягадка была на захоўванні ў былой жонкі Мяцеліцы Наталлі.
У ліпені стала вядома аб абвяшчэнні Алега Мяцеліцы ў вышук паводле крымінальнай справы аб паклёпе на намесніцу старшыні Бялыніцкага райвыканкаму Ірыну Фурсаву. Нібыта ён 18 жніўня 2020 года на вуліцы Савецкай у Бялынічах выказаў абразу ў адрас чыноўніцы. Сам актывіст апошнія месяцы жыве ў Літве, паведамляе «Магілёўскі рэгіён».
Аб перадачы арыштаванай нерухомасці Мяцеліца даведаўся 13 жніўня. Згодна з пастановай следчага Яцкова ад 30 ліпеня арыштаваную маёмасць, у тым ліку і аграсядзібу, пільнавала былая жонка. Аднак, праз два тыдні ўзніклі нейкая неабходнасць перадаць аграсядзібу на захоўванне прадстаўніку Галоўчынскага сельсавету.
Алег Мяцеліца кажа, што не ведае прычыны такой неабходнасці і чаму іх не было напрыканцы ліпеня. На яго думку, сілавікі такім чынам спрабуюць абабраць яго ў межах палітыкай тэрору іншадумцаў.
МГ belsat.eu