Блізкі Усход на «нязведанай тэрыторыі». Якім будзе адказ Ізраілю на напад Ірану?


Маштабная ракетна-дронавая атака Ірану была паспяхова адбітая Ізраілем і не мела для краіны сур’ёзных наступстваў. Тэгеран абвесціў, што працягваць не збіраецца, а ЗША заклікалі Ізраіль не наносіць удар у адказ. Разам з тым, імавернасць таго, што на гэтым канфлікт будзе вычарпаны выглядае мізэрнай. Belsat.eu тлумачыць, што цяпер адбываецца.

Дэманстранты размахваюць вялізным іранскім сцягам на антыізраільскім мітынгу на плошчы Фэлесцін у Тэгеране, Іран. 15 красавіка 2024 года.
Фота: Vahid Salemi / AP Photo / East News

Напад Ірану на Ізраіль ад самага пачатку меў дваісты характар. З аднаго боку, Ірану трэба было адпомсціць за гібель высокапастаўленых афіцэраў Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КСІР) у Дамаску, каб не згубіць свой аўтарытэт у рэгіёне. З іншага боку, Тэгеран не хацеў справакаваць поўнамаштабную вайну, якая можа стаць фатальнай для рэжыму аятолаў. Некаторыя эксперты дапускалі, што Іран увогуле не вырашыцца на наўпроставы ўдар па Ізраілю або ён будзе мець падкрэслена сімвалічны характар.

Аднак Тэгеран усё-ткі пайшоў на наўпроставы ўдар і ён аказаўся больш маштабным, чым чакалася: было запушчана каля 300 дронаў і ракетаў. Ізраіль пры дапамозе саюзнікаў (ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Іярданія) здолеў адбіцца: 99 % запушчанага было знішчана ў паветры, загінулых няма. Асноўная маса беспілотнікаў і ракетаў была перахопленая самалётамі яшчэ да таго, як яны дасягнулі ізраільскай паветранай прасторы.

Нягледзячы на гэта, у Тэгеране заявілі, што ўдар па Ізраілі больш паспяховы, чымся чакалася. Іранскае дзяржаўнае тэлебачанне паказала ў эфіры відэа пажару двухмесячнай даўніны ў Чылі, сцвярджаючы, што гэта нібыта сведчанне паспяховага паражэння цэляў у Ізраілі. У Тэгеране падкрэслілі, што лічаць сітуацыю вычарпанай, працягваць атакі не збіраюцца. Але прыгразілі: калі Ізраіль адкажа, то новы ўдар будзе больш разбуральным.

«Вы выйгралі. Вазьміце перамогу»

Той факт, што 99% ракетаў і дронаў былі знішчаны, можа стварыць уражанне, што Тэгеран у прынцыпе не здольны ўсур’ёз пагражаць Ізраілю. Аднак недаацэньваць Іран не варта.

«Канешне, Іран здольны на большае», – зазначыў у эфіры «Вот так» эксперт-іраніст Мікіта Смагін.

«Ні Іран, ні яго проксі не білі на поўную моц», – піша ў сваім Telegram-канале ізраільская журналістка і экспертка па Блізкім Усходзе Ксенія Святлова.

Яна таксама звяртае ўвагу на тое, што Ізраіль ваяваў не адзін, а разам з саюзнікамі. Паводле афіцыйных звестак, толькі амерыканскія сілы знішчылі больш за 80 ударных беспілотнікаў і не менш як шэсць балістычных ракет.

«Калі б тая ж самая колькасць ракет і беспілотнікаў была б выпушчана без таго, каб іх збівалі да падлёту да Ізраілю саюзнікі, нагрузка на ізраільскія СПА была б зусім іншай», – адзначыла Святлова. Таму, паводле эксперткі, Ізраілю нельга грэбаваць і рызыкаваць адносінамі з саюзнікамі.

Цяпер саюзнікі адгаворваюць Ізраіль ад контрудару. Захад занепакоены тым, што ўдар па Ірану можа прывесці да вялікай рэгіянальнай вайны з катастрафічнымі наступствамі.

Адразу пасля адбіцця іранскага нападу прэзідэнт ЗША Джо Байдэн папярэдзіў прэмʼер-міністра Бэньямін Нэтаньягу, што не падтрымае ўдар у адказ па Ірану, бо лічыць, што Ізраіль ужо і так прадэманстраваў сваю сілу. «Вы выйгралі. Вазьміце перамогу», – сказаў Байдэн Нэтаньягу, паводле інфармацыі медыяў. Ізраільскі прэм’ер адказаў, што разумее пазіцыю Белага дому.

Мяркуючы па ўсім, пасля гэтай размовы Нэтаньягу вырашыў не спяшацца з нанясеннем контрудару. Але гэта не значыць, што адказу не будзе зусім. Крыніцы выдання The Wall Street Journal сцвярджаюць, што Ізраіль можа нанесці ўдар у бліжэйшы час.

Паміж шаленствам і стрыманасцю

Ваенны кабінет Ізраілю ў дзень 14 красавіка некалькі гадзінаў абмяркоўваў магчымыя варыянты адказу на атаку Ірану, але з рашэннем не вызначыўся. 15 красавіка абмеркаванне працягнулася.

Камандзір арміі, генерал-лейтэнантаГэрцль Галеві (злева) удзельнічае ў ацэнцы сітуацыі з членамі Форуму генеральнага штабу на ваеннай базе Кір’я, дзе знаходзіцца Міністэрства абароны. Тэль-Авіў, Ізраіль. 14 красавіка 2024 года.
Фота: Israeli Army / AFP / East News

Паводле медыяў, меркаванні ў кіраўніцтве краіны падзяліліся. Частка міністраў выступаюць за тое, каб жорстка пакараць Іран.

Напрыклад, міністр фінансаў Бэцалэль Смотрыч лічыць, што адказ Ізраілю павінен «нарабіць шуму ў рэгіёне на некалькі пакаленняў наперад» – толькі ў гэтым выпадку можа будзе лічыць сябе пераможцамі. «Калі ж мы сцерпім, падвергнем сябе і сваіх дзяцей экзістэнцыйнай пагрозе», – заявіў ён.

Жорстка адрэагаваць заклікаў і міністр нацыянальнай бяспекі Ітамар Бэн-Гвір. Ён падкрэсліў, што рэакцыя Ізраілю «не павінна быць прафанацыяй у стылі бамбавання пустэчы».

«На Блізкім Усходзе, каб цябе баяліся, трэба ўпадаць у шаленства», – мяркуе Бэн-Гвір.

Паводле «The Times of Israel», іншыя міністры заклікаюць да больш збалансаванага падыходу, накіраванага на перадухіленне спіральнай эскалацыі. Выданне сцвярджае, што за такі падыход, у прыватнасці, выступае міністр без партфеля Бэні Ганц.

Ганц заявіў, што кансалідацыю саюзнікаў перад тварам іранскай пагрозы з’яўляецца «стратэгічным дасягненнем» і падкрэсліў, што цяпер Ізраілю трэба ў першую чаргу ўмацоўваць альянс са сваімі міжнароднымі партнёрамі.

«Сутыкнуўшыся з пагрозай з боку Ірану, мы будзем будаваць рэгіянальную кааліцыю і спаганяць з Ірану цану тым спосабам і ў той час, які нам зручны», – падкрэсліў ён, заклікаўшы пакуль засяродзіцца на іншых нявырашаных праблемах – барацьбе з «Хамасам» і «Хізбулой».

Меркаванне Ганца ў дадзеным выпадку мае больш важнае значэнне, чым выказванні Бэн-Гвіра і Смотрыча. Ганц разам з прэм’ерам Нэтаньягу і міністрам абароны Ёаў Галянтам уваходзіць у ваенны кабінет – менавіта гэтыя трое асобаў павінны прыняць рашэнне па Ірану.

Бітва за modus operandi

Іранскі напад дазволіў Ізраілю палепшыць свае пазіцыі на міжнароднай арэне. Пасля пачатку ваеннай аперацыі ў сектары Газа на Ізраіль аказваўся сур’ёзны міжнародны ціск, у тым ліку з боку саюзнікаў. Пахаладанне ў стасунках Байдэна і Нэтаньягу прывялі да таго, што Злучаныя Штаты адмовіліся прыкрываць Ізраіль на ўзроўні Рады Бяспекі ААН – упершыню за час цяперашняй вайны з «Хамасам». Аднак з-за іранскага ўдару Ізраіль зноў адчуў міжнародную падтрымку і салідарнасць, як гэта было адразу пасля тэрарыстычнай атакі 7 кастрычніка 2023 года. Нават некаторыя арабскія краіны дапамагалі Ізраілю абараняцца ад іранскага нападу.

Ізраільскія салдаты запускаюць беспілотнік каля мяжы Ізраілю і сектару Газа. 15 красавіка 2024 года.
Фота: Ohad Zwigenberg / AP Photo / East News

Такім чынам, склаліся спрыяльныя вонкавапалітычныя ўмовы для таго, каб засяродзіцца на ліквідацыі «Хамасу» і вызваленні закладнікаў. Напад Ірану дае шанец на тое, што замежныя партнёры пераасэнсуюць сваё стаўленне да аперацыі ў сектары Газа і пакінуць ураду Ізраілю больш прасторы для манеўра. З гэтага пункту гледжання, Нэтаньягу ёсць сэнс праявіць стрыманасць.

Разам з тым, сцэнар, пры якім напад Ірану застаецца зусім без адказу, выглядае маларэалістычным. Стратэгія выжывання дзяржавы Ізраіль заўсёды будавалася на жорсткай устаноўцы, што ворагі разумеюць толькі сілу, стрыманасць і саступкі яны ўспрымаюць як праяву слабасці, што толькі заахвочвае іх да яшчэ больш агрэсіўных дзеянняў.

У гэтым сэнсе нулявая эфектыўнасць атакі ў ноч на 14 красавіка не мусіць уводзіць у зман. Іран упершыню ў гісторыі ўчыніў наўпроставы ўдар па Ізраілю, прычым не кропкавы, а масаваны. Гэты важны прэцэдэнт, на падставе якога можа выбудоўвацца ўся далейшая палітыка Тэгерану ў рэгіёне.

«Іран цяпер стварае новую рэальнасць, у якой на любое дзеянне з нашага боку (удар па яго базах у Сірыі або ліквідацыю чарговага генерала КСІР, якіх там, як сабак нярэзаных) ён будзе адказваць прамымі ўдарамі са сваёй тэрыторыі», – піша ізраільскі вайсковы аналітык Сяргей Аўслэндэр.

Аналагічная думка прагучала і з супрацьлеглага боку. У інтэрв’ю Бі-Бі-Сі прафесар Тэгеранскага ўніверсітэту Сайед Мохамад Марандзі заявіў, што modus operandi Ірану зазнаў кардынальныя змены. Раней Іран дзейнічаў супраць Ізраілю праз сваіх проксі на Блізкім Усходзе. Цяпер жа, па словах прафесара Марандзі «расклад змяніўся».

«Кожны раз, калі ізраільскі рэжым паквапіцца на любога іранца, мы нанясем зваротны ўдар па ім, а таксама па ЗША і Брытаніі, якія прыходзяць яму на дапамогу», – сказаў ён.

Для ўраду Ізраілю важна не дапусціць падобнай змены правілаў гульні і зламаць новы modus operandi Тэгерану ўжо на старце. Паводле выдання AxiosЁаў Галянт заявіў міністру абароны ЗША Лойду Осціну, што Ізраіль «не мае выбару, акрамя як адказаць» на ракетную атаку Ірану. Паводле Галянта, напад на Ізраіль у адказ на ўдар па цэлях у Сірыі – гэта непрымальная формула.

Чалавек ідзе па пешаходным пераходзе каля рэкламнага шчыта з выявай іранскіх балістычных ракет на плошчы Валіяср у цэнтры Тэгерану, Іран. 15 красавіка 2024 года.
Фота: Atta Kenare / AFP / East News

Як канстатуе газета «The Washington Post», большая частка Блізкага Усходу цяпер апынулася на «нязведанай тэрыторыі»: усе рыхтуюцца да далейшага гвалту, «адначасова спрабуючы інтэрпрэтаваць новыя правілы супрацьстаяння паміж самымі магутнымі праціўнікамі рэгіёну».

Дзе можа ўдарыць Ізраіль?

Крыніцы выдання Ynet паведамляюць, што вайсковы кабінет Ізраілю спрабуе распрацаваць такі варыянт удару па тэрыторыі Ірану, які не прывядзе да эскалацыі. Адным з варыянтаў, які абмяркоўваюцца, зʼяўляецца напад на атамныя абʼекты, каб спыніць іранскую ядравая праграму.

«The Times of Israel» дапускае, што ўдар можа быць нанесены па аб’ектах, звязаных з вытворчасцю іранскіх дронаў-камікадзэ «Shahed-136». Паводле выдання, гэта будзе не толькі «годным адказам на суботні ўдар, але і дапаможа Украіне» (нагадаем, Расея выкарыстоўвае іранскія беспілотнікі для нападаў на ўкраінскія гарады). Раней абмежаваныя атакі супраць заводаў па выпуску «Shahed-136» ужо ладзіліся і не прыводзілі да эскалацыі.

Эксперты таксама дапускаюць, што Ізраіль можа выбраць у якасці мішэні праіранскую групоўку «Хізбула». Тым больш, што кропкавыя ўдары па баевіках «Хізбулы» на поўдні Лівана і так наносяцца рэгулярна.

Крыніцы CNN паведамляюць, што ў ваенным кабінеце Ізраілю разглядаецца магчымасць такіх удараў па іранскіх аб’ектаў, якія б сталі выразным мэсіджам, але не прывялі да ахвяраў.

«Ізраільскія афіцыйныя асобы прызнаюць, што гэта будзе складаная задача, адсюль і працягненне дэбатаў. Тэрміны прыняцця рашэння застаюцца няяснымі», – паведамляе тэлеканал.

Асаблівасць сітуацыі заключаецца ў тым, што ні Іран, ні Ізраіль не мае намеру ўцягвацца ў поўнамаштабную вайну. Аднак ніхто не хоча, каб апошняе слова засталося за праціўнікам. Фармат абмену ўдарамі ў сваю чаргу стварае рызыку, што адзін з бакоў можа недаацэніць рэакцыю праціўніка і пралічыцца з магутнасцю адказу. А гэта можа справакаваць бескантрольную эскалацыю і поўнамаштабную вайну.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў