«Жыццё стала цяжкім, калі яны пачалі свае працы». У Зімбабвэ скардзяцца на беларускую кампанію


Беларусь спрыяе дэградацыі земляў у рэгіёне Мутаса ў Зімбабвэ, а таксама забруджвае раку Мутарэ, паведамляе ў «Тўітары» ініцыятыва зімбабвійскіх актывістаў «Team Pachedu».

Рака Мутарэ, якая забруджваецца падчас здабычы карысных выкапняў.
Фота: Team Pachedu/Twitter

Зімбабвійская ініцыятыва сцвярджае, што беларуская кампанія «Zim Goldfields», якая супольна з кітайскай кампаніяй «Xu ZhongJin Investments» здабывае ў Зімбабвэ карысныя выкапні, падвяргае рызыцы здароўе і жыццё мясцовых жыхароў.

«Team Pachedu» прыводзіць зварот жыхароў рэгіёну да чыноўнікаў Зімбабвэ.

«Яны вядуць свае працы ўсяго за 100 метраў ад майго дому, і жыццё для нас стала цяжкім з таго часу, як яны пачалі свае працы ў лютым 2022 года. Дарога да маёй сядзібы закрытая, і цяпер нам даводзіцца ісці яшчэ 6 кіламетраў, каб трапіць дамоў, – гаворыцца ў звароце. – Адбываецца маштабная дэградацыя навакольнага асяроддзя, і мы не ўпэўненыя, што адказныя органы не ведаюць пра тое, што адбываецца. Кітайская горназдабыўчая кампанія паніжае гару, але нічога не зроблена, каб абараніць жыцці ўсіх сем’яў ля падножжа гары. Выбуховыя працы вядуцца штохвіліну, і нашыя жыцці знаходзяцца пад пагрозай. У пэўны момант аскепкі ад выбуховых працаў закранулі і разбурылі частку даху на доме аднаго з жыхароў».

Месца здабычы карысных выкапняў у Зімбабвэ.
Фота:

Аўтары звароту сцвярджаюць, што падчас працаў выкарыстоўваюцца хімікаты, якія ператвараюць зямлю на падворках хатніх гаспадарак у белы попел.

«Падчас нанясення хімікатаў нельга нічога рабіць на вуліцы, таму што ўсе задыхаюцца, – распавядаецца далей у звароце. – Гэта працягваецца некалькі дзён, і мы не ведаем, што з намі будзе. Мы нават не ведаем, якія хімікаты яны выкарыстоўваюць. Шумавое забруджванне 24 гадзіны на содні, таму што яны працуюць 24 гадзіны на содні з панядзелка да нядзелі. Мы не ведаем, ці ёсць у краіне нейкія законы, якія могуць абараніць ад такіх дзеянняў. Спадзяюся, што вы дапаможаце развязаць гэтую сітуацыю, пакуль не загінулі ўсе людзі ў Прэмʼеры і навокал».

У 2022 годзе беларуская кампанія «Zim Goldfields» разам з кітайскім партнёрам трапіла ў скандал, паколькі фірма нелегальна здабывала золата на тэрыторыі турыстычнага комплексу. Скаргі ўладальнікаў ігнараваліся. «Zim Goldfields» датычная да трагедыі з пахаваннем жыўцом 10 мясцовых шахцёраў. Былі знойдзеныя целы двух з працаўнікоў.

У 2021 годзе беларускія журналісты-расследавацелі высветлілі, што «Zim Goldfields» была заснаваная ў 2018 годзе. Долі ў кампаніі маюць Сяргей Шэйман, сын набліжанага да Лукашэнкі Віктара Шэймана і бізнесовец Аляксандр Зінгман.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў