Борыс. Пачобут. І іншыя героі нашага часу

Ёсць асобы, якія нават за кратамі ці свядома застаючыся ў оруэлаўскай Акіяніі, хочуць пачувацца свабоднымі.

Уявіце сабе наступную сітуацыю: жанчына, палітзняволеная, пасля года арышту выходзіць на волю, але застаецца пад следствам. Усцяж яе выклікаюць на допыты, і пагражае ёй нават дванаццаць гадоў турмы. Выязджае ў Польшчу, каб сустрэцца са знаёмымі. Тыя спрабуюць яе пераканаць, каб не вярталася ў Беларусь, бо краіна ўсё больш уцягваецца ў вайну, амаль кожны тыдзень нехта трапляе за краты, няма правасуддзя, няма ніякіх правілаў. Беларусы масава ўцякаюць з восені 2020 года – праз Каўказ, Сярэднюю Азію, Турцыю. Хто куды можа, едуць без грошай, без перспектываў, але ў значна больш бяспечныя месцы, дзе няма дыктатуры.

Акция в поддержку политзаключенных Анджея Почобута и Анжелики Борис в Белостоке
Акцыя на падтрыманне палітзняволеных Анджэя Пачобута і Анджэлікі Борыс. Беласток, Польшча. 25 студзеня 2022 года.
Фота: АЛ /Белсат

Няма ніякіх сумневаў: калі б былая палітзняволеная засталася ў Польшчы, Варшава забяспечыла б яе ўсім неабходным. Бо гаворка пра лідарку Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс. Жанчыну, якую ведаюць мільёны палякаў і палітычныя, культурніцкія ды інтэлектуальныя эліты краіны. Справа вызвалення Борыс стаяла на найвышэйшым палітычным узроўні. Але Борыс пастанавіла вяртацца. У краіну, дзе русіфікавалі ўсе польскія школы, дзе масава знішчаюць месцы польскай нацыянальнай памяці, закапваюць могілкі, дзе забараняюць дзейнасць найбуйнейшай арганізацыі польскай меншасці.

Навошта туды вяртацца? Бо гэта ейная зямля, ейная Горадня, ейная краіна. Гэтак яна гэта тлумачыла падчас нашай размовы, апублікаванай нядаўна на старонках «Rzeczpospolita».

Дыстанцыйная размова праз камеру не перадае эмоцыяў, але я бачыў перад сабою вельмі мужную, разважную жанчыну, якая ведае, што робіць. Жанчыну, якой вырвалі больш за два гады з жыцця і якой за кратамі было вельмі нялёгка.

Застацца ў Беларусі – гэта ейны свядомы выбар. Бо там справа жыцця – польская меншасць, культура і мова. Бо там, за кратамі ў Горадні, застаецца ейны блізкі калега з Саюзу палякаў Анджэй Пачобут, асуджаны на 8 гадоў турмы.

Пачобут таксама зрабіў свой свядомы выбар, застаўся ў няволі, калі іншыя мелі магчымасць выехаць у Польшчу і з гэтай магчымасці скарысталіся. Борыс пацвердзіла гэтую гісторыю. Тады, у траўні 2021 года, яна таксама адмовілася з’язджаць з Беларусі ўзамен на вызваленне.

Пачобут 16 красавіка, у нядзелю за кратамі адзначае сваё 50-годдзе. Калі б ён прыняў умовы рэжыму амаль два гады таму, то мог бы адзначаць свой юбілей у адным з найлепшых рэстаранаў Варшавы. Разам з жонкай і дзецьмі.

І гаворка тут не пра ахвярнасць. Гаворка пра асобаў, якія нават за кратамі ці свядома застаючыся ў оруэлаўскай Акіяніі, хочуць пачувацца свабоднымі. Гэта героі нашага часу, якіх вельмі не стае пакаленню «head down». Большасць жыве ў смартфоне, захапляючыся чужым жыццём, кароткімі зусім не істотнымі навінамі, не шукае сапраўдных аўтарытэтаў. Тады як яны зусім побач. Некалі пра іх напішуць кнігі, здымуць фільмы, занясуць іхныя імёны ў падручнікі гісторыі. Анджэліка Борыс, Анджэй Пачобут, Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і шмат якія іншыя прозвішчы, якіх мы не маем права забыць.

Hавiны
Анджэліка Борыс распавяла пра ўмовы свайго вызвалення і планы на будучыню
2023.04.12 13:19

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў