«Улада ў Беларусі падобная да акупацыйнай адміністрацыі». Эксперт – пра беларускае грамадства і тое, ці магчымы дыялог


Шмат кажуць пра тое, што сёння ў Беларусі ўсё трымаецца на гвалце і страху. Даследнікі канстатуюць: раскол паміж палярнымі часткамі беларускага грамадства толькі паглыбляецца і дыялог практычна немагчымы. Але ці сапраўды гэта так? Якое яно – грамадства, якое будуе рэжым Лукашэнкі, наколькі ўстойлівае і ці магчыма ў нечым пераканаць прыхільнікаў улады? Пра гэта мы паразмаўлялі з знаным беларускім сацыёлагам, старэйшым даследнікам Цэнтру новых ідэяў Генадзем Коршунавым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

10 % грамадства кашмарыць усіх астатніх

На думку эксперта, дакладна акрэсліць прапорцыі беларускага грамадства даволі складана: паўнавартасныя глыбінныя даследаванні надзвычай складана правесці ў Беларусі, а сітуацыя даволі дынамічная і змяняецца хутка. Разам з тым Генадзь Коршунаў адзначае, што партызанаў, то бок зацятых праціўнікаў рэжыму ў грамадстве мінімум чвэрць, што пацвярджаюць розныя сацыялагічныя даследаванні.

«Гэта тыя, хто ў сацыялагічных апытаннях не баіцца выказваць сваёй думкі, свайго незадавальнення ўладамі. Практычна іх мусіць быць яшчэ больш, але наколькі – сказаць складана», – адзначае эксперт.

Паводле Коршунава, прыхільнікаў улады прыкладна столькі ж, 25–30 %, але гэта максімум. Розніца паміж гэтымі групамі вельмі вялікая з гледзішча каштоўнасцяў і матывацыі. Праціўнікі ўлады – тыя людзі, якія маюць высокую матывацыю, кампетэнцыі для самарэалізацыі, досвед грамадзянскай актыўнасці. Іхныя кампетэнцыі вышэйшыя. Каштоўнасны, матывацыйны складнікі прыхільнікаў улады значна ніжэйшыя.

«Я б падзяляў групу прыхільнікаў улады на дзве. Ёсць зацятыя, больш матываваныя – гэта найперш сілавікі, частка чынавенства, частка бюджэтнікаў, якія не бачаць свайго існавання па-за межамі той сістэмы, якую выбудаваў Лукашэнка. Такіх не больш за 10 %. Астатнія значна больш лагодныя.

Паміж прыхільнікамі і праціўнікамі ўлады ёсць яшчэ і трэцяя, самая вялікая група беларусаў. Гэта тыя, хто не можа ці баіцца вызначыцца, за ці супраць улады. Мы ведаем, якая сітуацыя ў Беларусі, наколькі складана дазволіць сабе нават у думках гэты выбар зрабіць. З іншага боку, мы бачым, што пэўныя захады Лукашэнкі даюць свае вынікі – тое ж пытанне вайны, у якім Лукашэнка лавіруе па-майстэрску. Ці папулісцкія захады ў эканоміцы, якія хоць і назапашваюць негатыўныя наступствы, але беспасярэдне яшчэ не адчуваюцца, эканоміка трымаецца, і людзі ў прынцыпе станоўча яе ацэньваюць», – адзначае Генадзь Коршунаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Дзесяць адсоткаў зацятых прыхільнікаў рэжыму надзялілі ўладай і паўнамоцтвамі кашмарыць астатнюю частку грамадства, калі ў 2020 годзе была сфармуляваная канцэпцыя «не да законаў».

«Хочацца верыць, што гэтая частка нават значна меншая за 10 %, бо нават у сілавых органах яшчэ не ўсе шалеюць, і сярод чынавенства не ўсе задаволеныя сітуацыяй.

За гэтыя тры гады ў судовай, сілавой, прапагандысцкай сістэмах выявіліся дзясяткі, можа, сотні адыёзных персонаў на ўсю краіну, якія думаюць, што ім дазволена ўсё і губляюць галаву ад пачуцця абсалютнай сваволі. Але гэта не адсоткі насельніцтва, на ўзроўні грамадства іх можна лічыць адзінкамі.

Калі б такая сваволя была сапраўды татальная, нават сярод тых жа 10 %, мы б бачылі ў Беларусі іншую карціну. Гвалту было б значна больш у розных сферах і на ўзроўні паўсядзённасці. Я ўсцешаны, што такога гвалтоўнага супрацьстаяння, на шчасце, няма», – адзначае эксперт.

Разрыву паміж часткамі грамадства няма, а паміж дзяржавай і грамадствам – ёсць

Незалежныя сацыёлагі канстатуюць: у беларускім грамадстве існуюць дзве супрацьлеглыя адна адной думкі адносна сітуацыі ў Беларусі ды яе будучыні. Эксперты Філіп Біканаў, Алег Манаеў ды іншыя ў сваіх даследаваннях кажуць пра тое, што існуе вялікі разрыў паміж прыхільнікамі і праціўнікамі ўлады. Генадзь Коршунаў у сваю чаргу мяркуе, што ў грамадстве няма разрыву, але ёсць палярызацыя:

«Гэта, хутчэй, пытанне тэрмінаў, чым ёсць разрыў, а чым палярызацыя. Але галоўнае пытанне тут практычнае: ці можа гэтая сітуацыя перарасці ў гвалт і як гэта пераадолець, выйсці на магчымасці дыялогу? Чаму я кажу пра палярызацыю, а не разрыў? Па-першае, ёсць сярэдняя група, якая ўраўнаважвае полюсы, і насамрэч яна будзе пастанаўляць, схіляючыся ў адзін ці другі бок. І гэта добра. Па-другое, вышэй я казаў пра розніцу ў матывацыях, кампетэнцыях паміж полюсамі грамадства. Тут важная найперш матывацыя.

Ні ў 2020, ні ў 2021 годзе да гвалтоўнага супрацьстаяння паміж часткамі грамадства не дайшло. Тое, што мы назіралі, – гэта супрацьстаянне дзяржавы, найперш яе карных органаў, і грамадства.

Вось разрыў паміж дзяржавай і грамадствам сапраўды існуе. І ў пэўным сэнсе гэта вельмі падобна да дзеянняў акупацыйнай адміністрацыі, хоць юрысты з гэтым не пагаджаюцца. Калі дзяржава не вырастае са свайго грамадства, а як захопнік цісне, зневажае грамадства і выціскае з яго ўсе сокі, а нязгодных альбо карае, альбо выціскае з краіны».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

З гэтага гледзішча дыялог у беларускім грамадстве цалкам магчымы. Бо нават цяпер ёсць агульныя падставы, якія падзяляюцца ўсімі бакамі: найперш гэта антываенны кансэнсус, пра які кажуць усе сацыёлагі, а таксама каштоўнасць суверэнітэту Беларусі, якую падзяляюць усе бакі палітычнага спектру.

На чым яшчэ можна будаваць агульную платформу будучыні? Генадзь Коршунаў адзначае, што, напрыклад, прыхільнікам Лукашэнкі будуць вельмі важныя складнікі сацыяльнай дзяржавы: падтрыманне ўразлівых слаёў насельніцтва, пенсійная сістэма і гэтак далей. І трэба будзе ім штосьці прапанаваць.

«Хочацца спадзявацца, што ў пэўны час будзе магчымасць размаўляць з гэтымі людзьмі, даводзіць ім свае пазіцыі. Калі прапагандысцкія медыі страцяць свой уплыў, можна будзе тлумачыць, чым ёсць Еўразвяз, у чым перспектывы заходняга кірунку развіцця і гэтак далей.

Насамрэч з вялікаю часткаю прыхільнікаў уладаў можна размаўляць, іх можна будзе ў чымсьці пераўпэўніць. Але застануцца і тыя 10 %, пераўпэўніць якіх будзе немагчыма. Пра гэта кажа досвед Нямеччыны 1940-50-х гадоў, калі частка немцаў усё роўна працягвала думаць, што Гітлер быў добрым вялікім правадыром.

Нават калі нямецкіх пенсіянераў збіралі і адвозілі ў той ці іншы канцлагер, знаходзіліся тыя, хто казаў, што гэта амерыканцы ўсё павыдумлялі, маўляў, вы хлусіце, нічога такога не было. Але ў дэмакратычным грамадстве пераўпэўніваць усіх і не трэба. Кожны мае права на сваю думку, але пастанаўляць мусіць большасць. Каштоўнасці, якія ўвесь свет лічыць ліберальнымі, дэмакратычнымі і празаходнімі, мы ў Беларусі часта так не апазнаем, хаця большасць падзяляе менавіта іх. Гэта пэўны парадокс беларускай масавай свядомасці», – адзначае суразмоўца.

Агляд
Крызіс і стагнацыя: эксперты распавялі, як змянілася Беларусь за 2023 год
2024.01.11 15:20

Сістэму, якую будуе рэжым Лукашэнкі, на погляд Генадзя Коршунава, нельга назваць устойліваю:

«Беларусь фактычна ў стане крызісу. Адзіныя моманты, якія цяпер ацэньваюцца экспертамі станоўча, – гэта інфраструктура (сацыяльная, медыйная ды іншая), тое, што было назапашана і выбудавана цягам дзесяцігоддзяў. Але год ад году ацэнкі і тут пагаршаюцца. Астатнія сферы – у зоне адмоўных ацэнак. Паводле шкалы ад 0 да 5 ацэнкі не каля 0, а ніжэй за 2. Таму назваць устойліваю сістэму, якую будуе Лукашэнка, немагчыма».

«Жыццё – гэта не толькі рэпрэсіі, і яно працягваецца ў Беларусі»

Рэжым знішчыў прыкметы пратэсту і непадпарадкавання беларускага грамадства ў краіне, зачысціў палітычнае ды інфармацыйнае поле. Але нягледзячы на гэта, рэпрэсіі не спыняюцца. Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», агулам толькі за 2023 год з палітычным адміністратыўным пераследам сутыкнуліся не менш за 6386 чалавек, з якіх амаль 4500 у выніку асудзілі.

Чаму так адбываецца?

Генадзь Коршунаў адзначае, што рэпрэсіі моцна адчула на сабе толькі частка беларускага грамадства – тая, планку якой мы раней акрэслілі мінімум на чвэрць:

«Мы часта глядзім на сітуацыю з прадэмакратычнай бурбалкі, якая ў асноўным і адчула на сабе ўвесь цяжар рэпрэсіяў. Гэта незалежныя медыі, актывісты, НДА і гэтак далей. Нам, асабліва тым, хто з’ехаў, падаецца, што жыццё ў Беларусі прыпынілася, што рэпрэсіі дайшлі амаль да кожнага. Але гэта не так.

З аднаго боку, даследаванне, якое мы праводзілі з Цэнтрам новых ідэяў, кажа, што тым ці іншым чынам, часам не наўпрост, ускосна, праз кагосьці рэпрэсіі дайшлі да кожнага, хто браў удзел у пратэстах, хто іх падтрымліваў. Але жорстка яны прайшліся далёка не па кожным. Звальненні дайшлі не да кожнай сям’і. Тое ж адносна розных арганізацыяў трэцяга сектару. Мы кажам, што пасля 2020 года гэты сектар амаль знішчаны, а насамрэч не. Ён вельмі пацярпеў, яго інфраструктура зламаная, але знішчылі не ўсё.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

З другога боку, большая частка грамадства бачыць, што заводы працуюць, выплочваюцца заробкі, пенсіянеры атрымліваюць пенсіі, у крамах збольшага ўсё ёсць. Паўплываў і 2022 год, калі пачалася вайна, і ў беларусаў было прадчуванне канца свету. Але апакаліпсіс не здарыўся», – кажа наш суразмоўца.

З цягам часу сітуацыя будзе пагаршацца, рэпрэсіі будуць нарастаць. Але нарастаюць яны даволі павольна, і ў Беларусі няма ўплыву незалежных медыяў, якія б патлумачылі грамадству, што адбываецца, чаму і хто мусіць несці за гэта адказнасць.

«Жыццё – гэта не толькі рэпрэсіі. І падабаецца гэта камусьці ці не, жыццё ў Беларусі працягваецца», – рэзюмаваў наш суразмоўца.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў