Андрэй Саннікаў пра кулуары Брусэля, знакі Масквы і ціхі план Ганчара


Як Ганчар збіраўся ціха кіраваць Лукашэнкам, калі Брусэль здаў Беларусь Расеі і ці можа Крэмль “вырасціць” новага кандыдата на прэзідэнта Беларусі ? Пра гэта ў інтэрв’ю “Белсату” распавёў экс-кандыдат на прэзідэнцтва Андрэй Саннікаў.

Калі выпусцяць Статкевіча?

– Ці можна чакаць, што пасля таго, як з Ірыны Халіп знялі пакаранне, з-за кратаў выпусцяць Міколу Статкевіча або іншых палітвязняў?



– Я гэта не абмяркоўваю і не каментую. Лёс палітвязняў – не аб’ект для нейкага таталізатара, які часам арганізуюць у медыях. Ведаю, як балюча гэта ўспрымаецца за кратамі.

Еўразвяз нібыта заняў у гэтым пытанні жорсткую пазіцыю, аднак цалкам эканамічнага супрацоўніцтва з рэжымам не спыніў. Ці не ёсць гэта сведчаннем таго, што Брусэль цалкам перадаў Беларусь у сферу ўплыву Масквы?



– Цяпер нельга так сказаць: сёння існуе “Усходняе партнёрства”. Я даволі скептычна стаўлюся да таго, што адбываецца ў рамках гэтай праграмы, але ж гэта была заяўка на тое, што Еўразвяз будзе надаваць увагу нашым краінам. Таму нельга казаць, што перадалі ў сферу ўплыву Масквы. Гэта сапраўды адбывалася на пачатку нашай незалежнасці, калі і Злучаныя Штаты, і Еўропа кіраваліся прынцыпам: перш за ўсё Расея, а потым – усе астатнія. Іншая справа, што Еўразвяз пакуль што не знайшоў інструментаў, каб эфектыўна супрацьстаяць наступу дыктатуры ў вялікім рэгіёне былога СССР. Менавіта гэты наступ сёння падтрымлівае Крэмль.

Мядзведзеў дасылаў сігналы напярэдадні выбараў

– Падчас выбарчай кампаніі вы шмат разоў казалі, што прыярытэтам для Беларусі (нароўні з інтэграцыяй ў Еўразвяз) мусіць быць супрацоўніцтва з Расеяй. Масква за гэты час хутка наблізілася да аўтарытарызму. Як вы цяпер збіраецеся будаваць адносіны з Пуціным?



– Перад выбарамі 2010 года з’явіліся сігналы ад прэзідэнта Расеі, якім у той час быў Мядзведзеў, наконт стратэгіі і палітыкі мадэрнізацыі. Яны былі не вельмі выразныя, але ў некалькіх сваіх выступах ён казаў пра мадэрнізацыю агульную – не толькі эканамічную, не толькі тэхналагічную, але і палітычную. Гэта тое, пра што можна было весці размовы з расіянамі, таму што мадэрнізацыя — гэта Захад і Еўропа. Я не наіўны і не думаў, што гэта стане стратэгічнай лініяй Расеі, але пэўныя спадзяванні былі.

Ніякай дабраахвотнай дэмакратызацыі ў бліжэйшы час у Расеі нельга чакаць. Але ж будаваць адносіны мы вымушаны будзем. І нават цяпер трэба падкрэсліваць тое, што ўжо відавочна ўсім, вельмы простыя рэчы: што ў Беларусі патрэбныя змены, што Лукашэнка для вас – гэткі ж непрадказальны партнёр, як і для Еўразвязу, прасцей кажучы — наогул не партнёр. Ніякія дамоўленасці з ім не працуюць.

– Чаму ж падчас выбараў 2010 года і драматычных падзеяў пасля іх Крэмль не сказаў вескага слова?



– Расея не мае палітыкі ў адносінах да Беларусі, накіраванай у будучыню. Нельга было спадзявацца, што Масква зойме бок апазіцыі. І ўсё ж такі пэўныя магчымасці мы стварылі, каб пачаліся нейкія размовы. Але ж Крэмль выкарыстаў гэтыя магчымасці, каб павялічыць ціск на Лукашэнку, каб зноў-такі выціснуць дамовы па гандлёва-эканамічных справах і апынуцца ў той сітуацыі, у якой яны ўжо былі раней: дыктатар нічога не будзе выконваць.

Я лічу, што быў момант, адзін з найбольш крытычных, была спрыяльная сітуацыя, каб нешта змянілася ў Беларусі, – калі мы сядзелі за кратамі. Давайце прыгадаем, што восем месяцаў Расея фактычна не мела ніякіх адносінаў з Лукашэнкам, не давала ніякіх крэдытаў. Калі б Еўропа заняла больш актыўную пазіцыю, можа быць, і сітуацыя памянялася б. Быў палітычны крызіс у Беларусі, была складаная сітуацыя для рэжыму. Еўропа магла б больш жорстка паставіць пытанне аб легітымнасці Лукашэнкі. Тады б і Расея пачала па-іншаму глядзець на сітуацыю. Але Еўразвяз не здолеў прыняць адпаведнае рашэнне.

– Ці можа Расея “вырасціць” новага кандыдата на прэзідэнта Беларусі?



– Расеі не патрэбны ў Беларусі дэмакратычны лідар. Давайце прыгадаем, што Расея зрабіла, калі здымалі Шушкевіча? Нічога. А тады быў дэмакрат Ельцын. Я нават ведаю, што ён наўмысна гэтага не зрабіў, не падтрымаў, бо ў Расеі ёсць стэрэатып, што хто ні прыйдзе ў Беларусі, ён адразу пакрочыць на Захад уступаць у НАТА і будзе пагражаць ёй. Гэта логіка мінулага стагоддзя, саўковая логіка.

Еўропа пачала змагацца з мафіяй, якая працуе з дыктатарамі

– Можа, блізкім да палітыкаў еўрапейскім бізнэсмэнам зручней працаваць з беларускім рэжымам, чым з дэмакратычнай Беларуссю?



– Такія людзі ёсць, але яны не складаюць большасці. Большая частка бізнэсмэнаў проста не ідзе ў Беларусь. Я размаўляю з еўрапейскімі прадпрымальнікамі, і зацікаўленасць Беларуссю вельмі вялікая. Але ж буйны бізнес не рызыкуе ўваходзіць у Беларусь. Іншая справа – той бізнес, які гатовы парушаць закон. Дыктатура – гэта хуткія грошы. Але нездарма ж цяпер выбухаюць гэтыя скандалы з афшорамі, з банкамі, з рэйдэрскім захопам. Такія схемы будуць усё часцей раскрываць, і гэта ўдарыць па заходняму бізнэсу. Трэба чакаць судовых працэсаў над бізнэсмэнамі, якія працавалі ў Беларусі і ў Расеі, парушаючы законы сваіх жа краінаў.

Пасля прысуду Навальнаму пачаліся адмоўныя тэндэнцыі на біржах. Гэта паказнік таго, што наступы на дэмакратыю ўплываюць вельмі моцна на гандлёва-эканамічныя адносіны. А Расея больш звязана з Захадам, больш зацікаўленая ў тым, каб не абрываць гэтых стасункаў. І Захад мае больш уплыву на Расею. Пакуль, на жаль, ён не выкарыстоўвае гэтага, ігнаруе тыя моманты, па якіх трэба не толькі рабіць заявы, але і захады прымаць.

Пры гэтым я ўпэўнены, што ў першую чаргу трэба вырашаць беларускае пытанне, тады можна спадзявацца на хуткае вырашэнне сітуацыі ў Расеі.

– Вырашаць як?

– Адчыніце Еўропу для грамадзянаў Беларусі, пазбаўце людзей неабходнасці плаціць такія грошы за візы! Не працуйце с дыктатарам і не спрабуйце яго выхоўваць. Ён ужо 19 год даказвае, што гэта немагчыма. Санкцыі супраць бізнэсу далі свае вынікі, дзякуючы ім былі вызваленыя я і мой сябар Зміцер Бандарэнка. Расейскі бізнэс пачаў па-іншаму глядзець на нашу сітуацыю: навошта нам захопліваць беларускія прадпрыемствы, калі яны апынуцца пад санкцыямі?

– Як Еўропа будзе выдаваць такую колькасць візаў? Палякі ўжо цяпер скардзяцца, што беларускі ўрад не дазваляе ім павялічыць колькасць візавых консулаў.



– Польшча — не адзіная еўрапейская краіна, якая мае амбасаду ў Беларусі. Калі Еўропа прымае такое рашэнне, усе амбасады будуць яго выконваць. Можна нават зрабіць цэнтры па выдачы шэнгенскіх візаў.

КДБ не ведаў, з кім змагацца

– Ці падчас знаходжання за кратамі вы абдумвалі, што зрабілі не так падчас Плошчы, ці можна было выратаваць сітуацыю, каб пазбегчы такой колькасці ахвяраў?



Я лічу, што 2010 год – гэта самая ўдалая выбарчая кампанія апазіцыі, менавіта таму, што было некалькі кандыдатаў. Мы здолелі прадэманстраваць, што Лукашэнка ніяк не набіраў 50% у першым туры. А планаваць… Калі мы вернемся ў 2001 і 2006 гады, там былі спробы планавання, але, як высветлілася, штабы адзіных кандыдатаў добра кантраляваліся спецслужбамі.

У 2010-м таксама былі тыя, што свядома працавалі на КДБ, але ж гэта амаль не перашкаджала весці кампанію. Потым на допытах я пераканаўся, што яны не ведалі, чаго чакаць. Намі быў зроблены націск на тое, каб прадэманстраваць жаданне народа падтрымліваць альтэрнатыўнага кандыдата. Гэта атрымлася ўжо на этапе збору подпісаў. Я быў расчараваны, таму што большасць еўрапейцаў не разлічвалі на тое, што апазіцыя арганізуе такі моцны выклік дыктатару. Яны разлічвалі, што Лукашэнка не будзе ўжываць сілы, і гатовы былі яго прызнаць адразу. Спадзяваўся я і на міжнародных назіральнікаў, якія ў прыватных размовах абяцалі ахапіць больш участкаў пры падліку галасоў. Ні на водным з тых, дзе яны змаглі назіраць, Лукашэнка не перамагаў.

– А калі б быў другі тур?

– Усё, сённяшняйга рэжыму не было б.

– Нават калі б Лукашэнка набраў 45%, а вы – 43?



– Немагчыма, гэта ўжо закон. Калі людзі бачаць, што апазіцыя, альтэрнатыва перамагае – усё. Гэтак жа было з Лукашэнкам у 1994 годзе, дарэчы. Ён гэта добра ведае. Таму тое, што ён не дапусціць другога туру, было відавочна.

Ганчар збіраўся ціха кіраваць Лукашэнкам

– Якое было першае адчуванне, калі ў 1994-м выбралі Лукашэнку?



– Што гэта будзе жах для краіны. Хоць мае сябры, якія уваходзілі ў штаб Лукашэнкі, запэўнівалі, што ўсё будзе пад кантролем, не палохайцеся: мы будзем кіраваць, а не ён. Наколькі я ведаю, на гэта разлічваў і Віктар Ганчар.

– Калі быў найбольш зручны момант, каб стрымаць Лукашэнку і накіраваць гісторыю Беларусі зусім у іншае русла? Вы шмат разоў казалі, што Захад яго прапусціў.



– 1996 год. Еўразвяз замарозіў дачыненні з Беларуссю і ўсё. Трэба было больш актыўную палітыку праводзіць. Тады ўжо з’яўляліся палітвязні – гэта былі Хадыка і Сіўчык. Што можна было зрабіць? Была падпісана Дамова аб партнёрстве і супрацоўніцтве з Беларуссю (Partnership and Cooperation Agreement with Belarus), і падпісаў яе Лукашэнка. Гэта быў інструмент, каб уздзейнічаць на беларускую сітуацыю. Трэба было ўжо тады патрабаваць больш сур’ёзнага назірання на выбарах. Было зразумела, што будуць фальсіфікацыі, таму што з парушэннямі ўжо адбыліся два рэферэндумы. Дзейнічаў Вярхоўны Савет. І яго прызнавала – гэта быў факт унікальны – Парламенцкая Асамблея АБСЕ, куды ўваходзіць не толькі Еўразвяз, але і Расея. Можна было дзейнічаць праз яго.

Пасля быў 1999 год – трагічны ў нашай гісторыі. Пасля гэтага магла б быць больш жорсткая рэакцыя (з боку Еўропы – belsat.eu). Але ж даклад па зніклых з’явіўся толькі ў 2004-м…

Не было падставаў пачынаць працэдуру прызнання лукашэнкаўскай “палаткі” пасля выбараў 2000 года. Я ведаю, што байкот тады адбыўся. Я памятаю нават, як па беларускім тэлебачанні казалі, што ў рэгіёнах – у Гомелі, у Віцебску – не адбыліся выбары. А потым раніцаю ўсё памянялася, і дыктары пачалі казаць, што адбыліся.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў