«Аўдзі-цэнтр» на месцы гаю. Менгарвыканкам: Вы ж ужо згадзіліся!


Ідэйным і фінансавым натхняльнікам знішчэння зялёнай зоны каля праспекту Незалежнасці стала кампанія «Трайпл», якая належыць аднаму з гэтак званых «гаманцоў Лукашэнкі» – Юрыю Чыжу.

{movie}”Аўдзі-цэнтр” – грамадскія абмеркаванні|right|11781{/movie}

На сённяшнія грамадскія слуханні прыйшло толькі крыху больш за дзесяць асобаў. Як тлумачыць мясцовая жыхарка Ларыса Бадамшына, людзі проста не вераць, што ў нашай краіне можна дамагчыся справядлівасці. Тым болей і чыноўнікі Менгарвыканкаму кажуць, маўляў, раней трэба было выказвацца.

Паводле намесніка кіраўніка першамайскага раёну Юрыя Трушчанкі, у 2009 годзе ў газеце «Менскі кур’ер» змяшчалі адпаведную нататку пра будаўніцтва сэрвіснага аўтацэнтру «Аўдзі».

«Усю неабходную інфармацыю там змясцілі. Тое, што жыхары ў 2009 годзе не выказаліся супраць, а сёння вырашылі, што ім можна выказацца, ну, гэта таксама іхнае права», – паціскае плячыма чыноўнік.

Нататка была ў 2009, а зялёную зону знішчылі толькі сёлета. Логіка Менгарвыканкаму відавочная – не выказаліся супраць будаўніцтва, якое на той момант толькі планавалася, значыць, падтрымліваюць!

Спадар Трушчанка паабяцаў, што гай адновяць, аднак не ўдакладніў дзе і калі. Але нават калі гэтак сапраўды станецца, то трэба памятаць, што ў знішчанай зялёнай зоне раслі дрэвы не маладзейшыя за 30 гадоў, некаторыя ўвогуле былі векавымі.

Дарэчы, замест аўтацэнтру жыхарам значна больш патрэбная школа і паліклініка, якіх не стае ў гэтым раёне сталіцы. Аднак пра гэткія аб’екты нататкі ў «Менскім кур’еры» не было.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў