Сяргей Крывец замест Польшчы вярнуўся ў Беларусь. Будзе гуляць за БАТЭ


Адзін з самых вядомых беларускіх футбалістаў пасля досыць працяглага перабывання за мяжою вярнуўся на радзіму.



Чалец Нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе, пераможца чэмпіянату Польшчы ў складзе польскага клубу «Лех» (Познань), Сяргей Крывец вярнуўся ў БАТЭ (Барысаў), гуляючы за які, з 2006 года 4 гады запар атрымліваў тытул чэмпіёна. Да нядаўняга часу лічылася, што ён стане гульцом сёлетняга польскага чэмпіёна – варшаўскай «Легіі».

Паводле неафіцыйных звестак, агент Сяргея Крыўца вёў перамовы пра вяртанне футбаліста ў Еўропу з кітайскага клубу «Цзян-Су Сайнці». Спартовец выехаў у Кітай год таму. Кітайскі клуб выкупіў беларуса ў польскага «Леха» за паўмільёна еўраў. У 2009 годзе познанскі клуб заплаціў за гульца БАТЭ каля 300 тысяч еўраў.

{movie}Адзін з галоў, які Сяргей Крывец забіў у польскай лізе|right|11492{/movie}

Менавіта гол Сяргея Крыўца стаў вырашальным у сезоне 2009/2010 для перамогі познанскай каманды над іншым фіналістам – клубам «Рух» з Хожава. Беларус абараняў гонар «Леха» таксама ў матчах Лігі Еўропы восенню 2010 года.

У Кітаі беларускі паўабаронца не зрабіў вялікага спартовага фурору, таму кантракт з ім скасавалі. Агенты шукалі для футбаліста новы клуб у Еўропе: пад увагу браліся нацыянальныя лігі Украіны, Польшчы, а таксама Турэччыны. Чуткі, што Крыўца запросіць «Легія» (Варшава), не спраўдзіліся. Ад познанскага «Леха» прапановаў працаўладкавання таксама не было.

Крывец вядомы сваім пазітыўным стаўленнем да беларускай мовы. Футбаліст вёў у сеціве дзённік, дзе некаторыя допісы публікаваў па-беларуску. Беларускую мову гулец называў «матчынаю».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў