Праз згоду на інтым за грошы дзяўчаты з Беларусі трапілі на расейскую «дошку ганьбы»


Маладыя беларускі, спакушаныя абяцаннем немалых грошай, выслалі невядомаму «бізнесоўцу» з сацыяльнай сеткі «УКантакце» свае аголеныя фота. Усе здымкі і асабістае ліставанне, у якім дзяўчаты згаджаліся спаткацца са сваім новым знаёмым і правесці з ім ноч у гатэлі, былі выкладзеныя ў інтэрнэт актывістамі кампаніі ў барацьбе з распустаю.

Дзяўчаты з Менску, Берасця, Гомлю і Гародні сталіся ахвярамі праекту «Check You» – своеасаблівай «дошкі ганьбы», якая паводле яе стваральнікаў нясе высакародную місію – ачысціць свет ад прадажнага кахання.

Галоўная прынада – грошы



Удзельнікі ініцыятывы «Check You» знаёмяцца са сваймі ахвярамі ў сацыяльных сетках. Спачатку дзяўчатам ды хлопцам прапаноўваюць скласці кампанію на дзелавой вечарыне «бізнесоўцу» ці маладой «бізнес-ўумен». У ахвяраў просяць інтымныя здымкі, каб нібыта ўпэўніцца, што асоба пасуе віртуальнаму знаёмцу. Потым прапаноўваецца інтым за вялікія грошы – $ 500–7 тыс. Калі ахвяры пагаджаюцца, іх здымкі не толькі публікуюць у інтэрнэце, але і рассылаюць іхным сябрам ды бацькам. Гэта, на думку ўдзельнікаў кампаніі, мае дапамагчы ў барацьбе за маральнасць.

Ахвярамі «Check You» (у вольным перакладзе гэта значыць «Цябе спраўдзілі») звычайна становяцца правінцыйныя дзяўчаты, але ёсць і замужнія прадстаўніцы Масквы ды Кіеву, якіх прывабілі лёгкія грошы.

Прапанова “няпыльнай” працы для берасцейкі

Да 20-гадовай берасцейкі, да прыкладу, прыйшла вельмі спакушальная прапанова: «Я цяпер паводле справаў бізнесу ў тваім горадзе. У мяне тут хутка важная сустрэча, і мне трэба прыгожая спадарожніца для суправаджэння. Ты мне пасуеш. Праца лёгкая і няпыльная».

Загадкавы віртуальны знаёмец паабяцаў, што дзяўчыне не трэба нічога рабіць, акрамя як проста сядзець і рабіць выгляд, што яна ягоная дзяўчына, бо ад гэтага можа залежаць поспех справы. За гэта «бізнесоўца-інвестар» паабяцаў заплаціць $ 2 тыс., з іх тысячу – авансам. Акрамя таго, збіраўся запрасіць дзяўчыну на вячэру ў дарагі рэстаран да набыць адзенне, якое потым берасцейка магла пакінуць сабе. Перад імпрэзаю мужчына намерваўся звадзіць спадарожніцу за свой кошт на spa-працэдуры ды ў салон прыгажосці.

Дзяўчына згадзілася, прыняўшы таксама запрашэнне на вечар у гатэлі. Пазней, аднак, даведалася, што яе падманулі ды спрабавала ўгаварыць свайго віртуальнага суразмоўніка не публікаваць здымкаў у інтэрнэце. Той нібы пагадзіўся пры ўмове, што дзяўчына будзе пазаваць яму голаю праз «Skype». Берасцейка гэтага не зрабіла, а яе фатаграфіі ды ліставанне трапілі на старонку праекту.

У каментарах на сайце праекту амаль адно ганьбаванне: «Шлюха!», «Прэч з майго гораду!» і г.д.

«Я проста ў шоку, я вучылася з гэтай дзяўчынкаю ў адной школе. Ніколі б не падумала, што яна такое можа. Ёй хаця б сорамна мусіць быць…», – напісала каляжанка 20-гадовай берасцейкі, якая трапіла на «дошку ганьбы».

Дзяўчына марыла пра прынца, а спаткала ашуканца

На профілі берасцейкі «УКантакце» пазначанае, што дзяўчына працавала афіцыянткаю, прыбірала прыватныя дамы. Адзін з фотаальбомаў пад беларускамоўнаю назваю «Я шчадрую, шчадрую, я гарэлку носам чую…» паказвае, як маладая жыхарка Берасця калядавала з сяброўкамі ў родным горадзе.

Дзяўчынаю зацікавілася таксама афіцыйная газета Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Советская Белоруссия», якой маладая берасцейка патлумачыла, што кожная дзяўчына марыць пра прынца, а вялікія грошы зацямнілі ёй галаву: «Аднак пасля таго, як ён пацікавіўся пра інтым, я спалохалася і вырашыла падмануць яго: забраць аванс і сысці. Нават з сябрам дамовілася, каб ён таемна – для падстрахоўкі – схадзіў са мною на сустрэчу… Каб усё-ткі гарантавана атрымаць грошы, я запэўніла яго, што ў плане сексу будзе ўсё добра, паказала свае фота. Хоць і падумала, што зрабіла глупства… Затым расслабілася. Скінула дык скінула, я і на пляжы топлес загараю. Вырашыла, што гэта багаты маскоўскі бізнесоўца з тлушчу шалее».

Ці маральна робяць барацьбіты за маральнасць?

Віртуальныя барацьбіты за маральнасць прызналіся ў інтэрв’ю «Комсомольской правде», што адная з дзяўчын, што трапіла на «дошку ганьбы» страшыла іх, што скончыць жыццё самагубствам. «Мы, вядома, спалохаліся, але не верылі да канца. Нават пагутарыўшы з ейнаю мамаю. У выніку патэлефанавалі ў морг ды інстытут, аказалася, што ўсё ў парадку», – расказаў газеце уладальнік скандальнага сайту Сяргей Чарнышоў. На ягоную думку, аднак, суіцыд пераважна здзяйсняюць людзі няўпэўненыя ў сабе, а кантынгент тых, якія трапілі на сайт, – зусім іншы, бо такія дзяўчаты любяць сябе і часта іх нават не хвалюе, што яны трапілі на «Check You».

На самым жа сайце можна знайсці ліставанне і з няпоўнагадовымі. Раней такая практыка прымянялася, каб выкрываць педафілаў, цяпер жа – зусім наадварот, выяўляюць непаўналетніх распусніц. Адная з іх прасіла за ноч у гатэлі не грошы, а плюшавага мядзведзя і цукеркі.

У сеціве ўжо паўстала супрацькампанія, удзельнікі якой лічаць, што ў дзеяннях актывістаў «Check You» прысутнічае шантаж, парушэнне таямніцы ліставання, недатыкальнасці прыватнага жыцця ды закону аб аўтарскім праве. Адмыслоўцы Раскамнагляду ўжо спраўджалі віртуальную дошку ганьбы, падае «Комсомольская правда», але парушэнняў не знайшлі. У сацыяльнай сетцы «УКантакце» суполка «Check You» мае больш за 355 тыс. падпісчыкаў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў