Расейскую шыльду на Палацы незалежнасці замянілі на беларускую


Пасля розгаласу ў недзяржаўнай прэсе расейскую шыльду, якую пачалі рабіць на Палацы незалежнасці, прыбралі. Больш за месяц на яе месцы нічога не было.

Палац незалежнасці пабудавалі на праспекце Пераможцаў у Менску ўдарнымі тэмпамі. Момант, калі на ім мантавалі расейскі надпіс, 23 траўня заўважыў фотакарэспандэнт «Нашай нівы» Сяргей Гудзілін. Надпіс выклікаў шквал негатыўных каментароў у недзяржаўнай прэсе і сацыяльных сетках. Пасля гэтага ён знік. Учора сведкам нанясення новага надпісу – па-беларуску – стаў фотакарэспандэнт “БелаПАНу”.

Увечары 2 ліпеня тут адбудзецца ўрачыстае адкрыццё плошчы Дзяржаўнага сцяга, якая размесцілася паміж Палацам незалежнасці і выставачным цэнтрам «Белэкспа».

«Мы там адкрываем цэлы комплекс, які ўключае Палац незалежнасці, выставачны комплекс (мы яго ў парадак прывялі), – распавядаў кіраўнік дзяржавы на пачатку траўня падчас размовы з моладдзю. – Гэты комплекс быў задуманы як апошняя буйная кропка ў спрэчках аб нашай незалежнасці. Гэта – дэманстрацыя таго, што ў гэтай краіне ёсць усё – ад зямлі да герба, сцяга і гэтага Палаца незалежнасці, дзе будуць праходзіць асноўныя дзяржаўныя мерапрыемствы – ад ўручэння даверных граматаў замежнымі амбасадарамі і да сустрэчаў з кіраўнікамі дзяржаваў, якія прыязджаюць да нас. Яны мусяць прыязджаць і бачыць, што Беларусь – гэта дзяржава, і нікому яе ні павярнуць, ні нахіліць нікуды больш не ўдасца. Гэта – галоўны цэнтр нашай краіны, цэнтр незалежнасці нашай дзяржавы».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў