Ірына Халіп урэшце атрымала адваката


Абараняць журналістку будзе адвакатка юрыдычнай кансультацыі Фрунзенскага раёну Менску Ганна Бахціна.

Паводле бацькі зняволенай, кінадраматурга Уладзіміра Халіпа, дамову з Бахцінай падпісалі ў суботу.

“Ганна Віктараўна – сур’ёзны юрыст і цудоўны адвакат, якая паказала свой талент у шматлікіх працэсах, у тым ліку абараняючы Саюз беларускіх пісьменнікаў і праваабаронцу Эніру Браніцкую”, – кажа бацька журналісткі. Уладзімір Халіп назваў “дзікасцю, недарэчнасцю і бязглуздзіцаю” намер уладаў асудзіць ягоную дачку – “ні ў чым не вінаватага творчага чалавека, вядомую журналістку, узнагароджаную шматлікімі міжнароднымі прэміямі і прызнаную ў свеце”. “Такога не мае быць у XXI стагоддзі”, – кажа драматург.

Нагадаем, што гэта ўжо трэці па ліку абаронца жонкі экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава. Раней “з-за асабістых абставінаў” Уладзімір Тоўсцік і Тамара Гараева адмовіліся весці справу Ірыны Халіп, нягледзячы на тое, што адвакаты не маюць права адмаўляцца ад сваіх прафесійных абавязкаў, калі была заключаная пісьмовая дамова на аказанне паслугаў.

Ірына Халіп утрымліваецца цяпер пад хатнім арыштам. У кватэры, дзе журналістка жыве разам з трохгадовым сынам, увесь час дзяжураць два працаўнікі КДБ. Жанчына не мае права размаўляць з кімсьці акрамя сваіх бацькоў, падыходзіць да вокнаў, карыстацца тэлефонам ды інтэрнэтам.

Алесь Іваневіч Belsat. eu

Глядзі таксама
Каментары