Лябедзька: Трэба чакаць вызвалення некага з палітвязняў


Апраўдаць пастанову аб зняцці санкцыяў ЕЗ з Макея можа толькі вызваленне палітзняволеных, лічыць лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі.



Анатоль Лябедзька назваў “сакрэтам палішынеля” пастанову Рады міністраў ЕЗ зняць візавыя абмежаванні з кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея: “Гэта рашэнне было чаканым, яго абмяркоўвалі ў палітычных колах каля месяца. Было бачна, што ў ЕЗ ёсць палітычная воля да такой захады”.

Палітык звязвае пастанову “з чарговаю спробай наладзіць дыялог з Беларуссю”: “Вядома, гэтае рашэнне не самае ўдалае, бо парушаецца прынцып фармавання спісу, уводзячы ў яго выключэнні з правілаў. Таму мы не падтрымліваем гэтага рашэння, лічым яго памылковым і няправільным”.

Лябедзька мяркуе, што цяпер можна чакаць сустрэчныя захады з боку ўладаў Беларусі: “Трэба чакаць, што неўзабаве адбудзецца вызваленне кагосьці з палітзняволеных”.

Пры гэтым лідар партыі мяркуе, што “толькі вызваленне палітзняволеных зможа хоць неяк апраўдаць рашэнне аб зняцці санкцыяў з Макея”.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў