Дзесяць гадоў без Быкава (+ дак. фільм)


Апошнія гады жыцця пісьменнік правёў у вымушанай эміграцыі. Прычыны, з якіх ён пакінуў Беларусь, чаму ён не мог вярнуцца ды пры якіх акалічнасцях вярнуўся на Радзіму за некалькі дзён да сваёй смерці, – у стужцы «Белсату» «Васіль Быкаў. Апошнія дні». Фільм, які складаецца з 2-х частак, па 25 хвілінаў кожная, знялі Галіна і Сяргей Навумчыкі.

{movie}«Васіль Быкаў. Апошнія дні», дак. фільм, ч. 1 |right|11302{/movie}

{movie}«Васіль Быкаў. Апошнія дні», дак. фільм, ч. 2 |right|11303{/movie}

Народны пісьменнік Беларусі, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага фронту, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, памёр 22 чэрвеня 2003 года а 20:15 у рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнай клінікі ў Бараўлянах, праз тры дні пасля таго, як яму споўнілася 79 гадоў.

Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёну Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыўшы восем класаў вясковай школы, год адвучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскай мастацкай вучэльні, якое вымушаны быў пакінуць праз адмену стыпендыяў. У чэрвені 1941-га экстэрнам здаў экзамены за 10 клас сярэдняй школы.

Вайна заспела Быкава ва Украіне, дзе ён браў удзел у абаронных работах. Падчас адступлення, у Белгарадзе, адстаў ад сваёй калоны, і яго арыштавалі ды ледзь не расстралялі як нямецкага шпіёна. Ваяваў у складзе армейскага інжынернага батальёну. Узімку 1941–1942 гадоў жыў на станцыі Салтыкоўка і ў горадзе Аткарск Саратаўскай вобласці, вучыўся ў чыгуначнай школе.

Пасля дэмабілізацыі з 1947 года жыў у Горадні. Тады ж пачаў друкавацца. З 1955 да 1972 працаваў у газеце «Гарадзенская праўда». З 1959 года – член Саюзу пісьменнікаў СССР. У 1972–1978 гадах – сакратар Гарадзенскага аддзялення Саюзу пісьменнікаў БССР.

У 1978 пераехаў у Менск. У перыяд з 1978 да 1989 гады абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР.

У 1988 годзе стаў адным з заснавальнікаў БНФ. У 1989 годзе Быкава абралі дэпутатам з’езду народных дэпутатаў СССР, прэзідэнтам беларускага ПЭН-цэнтру. У 1990–1993 гадах – прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Вядомасць Васілю Быкаву прынесла аповесць «Трэцяя ракета» (1962). У 60-я гады таксама апублікавалі сусветна вядомыя аповесці «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць», у 70-я – «Сотнікаў», «Абеліск», «Дажыць да світання», «Пайсці і не вярнуцца». Большасць сваіх твораў Быкаў пісаў па-беларуску, шмат якія з іх сам перакладаў на расейскую. Яго літаратурныя працы пераклалі шмат на якія мовы свету.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў