Пінскія прадпрымальнікі страйкуюць


«На двух рынках, размешчаных на вуліцы Зорнай і Ленінградскай, не працуюць каля тысячы прадпрымальнікаў», – паведаміў кіраўнік арганізацыі «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Паводле яго, такім чынам удзельнікі страйку выказваюць пратэст супраць увядзення тэхрэгламенту Мытнага саюзу «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці», які ў Беларусі мае набыць моц 1 ліпеня 2013 года.

«Гэта стыхійны аднадзённы папераджальны страйк, – патлумачыў Шумчанка. – Калі гэты тэхнічны рэгламент набудзе моц, 1 ліпеня пінскія прадпрымальнікі будуць вымушаныя спыніць працу».

Са словаў Шумчанкі, такія пратэставыя акцыі раней прайшлі ў Віцебску і Горадні. Яны дэманструюць сацыяльную напружанасць, якая на сённяшні дзень існуе сярод прадпрымальнікаў Беларусі.

«Я заклікаю ўлады як мага хутчэй апублікаваць афіцыйны дакумент, які пацвярджае перанос тэрміну набыца моцы гэтым тэхнічным рэгламентам на адзін год», – заявіў кіраўнік «Перспектывы».

МЛ, belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў