«Беларусь прачнецца». Васілю Быкаву сёння споўнілася б 89 гадоў


«Нам сапраўды сёння вельмі не хапае тых людзей, якія б маглі быць паўнавартаснымі прадстаўнікамі нашай нацыі, маглі б павесці яе за сабою», – зазначыла паэтка Вікторыя Трэнас у дзень нараджэння выбітнага беларускага пісьменніка.

Прыхільнікі творчасці Васіля Быкава, ягоныя сябры і знаёмыя ўсклалі сёння кветкі на магілу пісьменніка на Усходніх могілках.

Ушанаваць памяць пісьменніка, якога ведалі ды цанілі ўва ўсім свеце, прыйшлі ягоная жонка Ірына Міхайлаўна, прадстаўнікі літаратурнага цэху Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Сяргей Законнікаў, Барыс Пятровіч, Галіна Каржанеўская, Алесь Паплаўскі, Алесь Пашкевіч, Леанід Галубовіч, Сяргей Сыс, працаўнікі Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры.

«Белсат» прапаноўвае ўвазе гледачоў фільм «Васіль Быкаў. Апошнія дні», зняты для незалежнага тэлеканалу ў 2008 годзе Галінаю і Сяргеем Навумчыкамі. Фільм прысвечаны апошнім гадам жыцця сусветна вядомага беларускага пісьменніка, якія Быкаў разам з жонкаю правёў за межамі Беларусі. У фільме скарысталі здымкі і відэаматэрыялы, якія нідзе раней не паказваліся.

{movie}«Васіль Быкаў. Апошнія дні», дак. фільм, ч. 1 |right|11244{/movie}

«Сказаць, што Васіль Быкаў – велічны чалавек з вялікай літаратуры, гэта надта проста, – адзначыла сакратарка Саюзу беларускіх пісьменнікаў паэтка Вікторыя Трэнас. – Хочацца знайсці нешта больш глыбокае, большыя словы ўдзячнасці…».

{movie}«Васіль Быкаў. Апошнія дні», дак. фільм, ч. 2 |right|11245{/movie}

«Многа сказана, многа напісана пра Васіля, але, я думаю, яшчэ да гэтага часу шмат не толькі не згаданага, але і не разгаданага. Гэта адбудзецца, Беларусь прачнецца, калі яна захоча застацца Беларуссю», – падзяліўся блізкі сябар пісьменніка, вядомы паэт Генадзь Бураўкін.

Як паведамілі працаўнікі Музею гісторыі беларускай літаратуры, у якім месціцца большая частка архіву пісьменніка, у наступным годзе плануецца адкрыць музей-лецішча Васіля Быкава.

Васіля Быкава называлі «сумленнем нацыі», бескампраміснасць прозы якога, актыўная грамадзянская пазіцыя і глыбокі патрыятызм станавілася прычынаю нападаў з боку беларускіх афіцыйных крытыкаў. Даследчыкі падкрэсліваюць, што без удзелу Васіля Быкава не было б Беларускага Народнага Фронту – першай некамуністычнай арганізацыі Беларусі. У цяжкі для незалежнасці Беларусі 1996 год, калі краіне пагражала інкарпарацыя, Быкаў узначаліў аргкамітэт святкавання Дня Волі.

Нападкі на Васіля Быкава, якія пачаліся на радзіме ў сярэдзіне 1990-х гадоў, і стан здароўя сталі прычынаю выезду за мяжу. Цягам некалькіх гадоў Васіль Быкаў жыў спачатку ў Фінляндыі, затым у Нямеччыне і Чэхіі. У Чэхіі перанёс аперацыю і вярнуўся на Бацькаўшчыну толькі за месяц да смерці.

МЯ, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў БелаПАН

Стужка навінаў