Улады плануюць пенсійную рэформу


Паводле маніторынгу Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, пенсійная сістэма застаецца “адным са слабых месцаў нашай сацыяльна арыентаванай дзяржавы”.

Антаніна Морава, старшыня Сталай камісіі адукацыі, навукі, культуры і сацыяльнага развіцця Савету Рэспублікі, мяркуе, што ў пенсійнай сістэме мусяць адбыцца значныя змены. “У прыватнасці, трэба ўсталяваць цесную ўзаемасувязь паміж тым, колькі чалавек зарабляў, калі працаваў і якая яму цяпер належыць пенсія. Несправядлівым з’яўляецца той факт, што сёння і настаўнік, і кіроўца фактычна атрымліваюць адныя і тыя ж грошы. Вельмі шмат з-за гэтага маем нараканняў ад насельніцтва, – заявіла чыноўніца. – Апроч таго, варта звязаць памер пенсіі са страхавым стажам”.

На меркаванне старшыні аб’яднання пенсіянераў “Мудрасць” Алы Кулікоўскай, найбольшым штуршком у рэформах для ўладаў можа стаць патрабавальнасць саміх пенсіянераў. “Пакуль мы маўчым, лічыцца, што нас усё задавальняе. Але сёння ў краіне 2,5 мільёны пенсіянераў, задаволеныя сваёй пенсіяй – меншасць. Час ад часу грашовыя выплаты падвялічваюць, робяць пераразлікі, і вось пенсіянерам ужо здаецца, што дзяржава клапоціцца пра іх. Тым часам, прыбытак большасці не перавышае 600 тысячаў. Дый нават гэтыя грошы лічацца вялікімі. Хоць годна пражыць на іх без дадатковай працы і дапамогі дзяцей немагчыма”, – лічыць экспертка.

Дакументы ў справе рэфармаванні сістэмы выплатаў пенсіяў пачнуць распрацоўваць увесну. Але ўжо цяпер вядома, што індывідуальным прадпрымальнікам ці іншым самазанятым асобам прапануюць выбар, які варыянт абавязковых пенсійных гарантыяў іх задавальняе – у дзяржаўнай сістэме ці ў камерцыйных праграмах пенсійных страхавых арганізацыяў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары