Колькі людзей будзе жыць у Беларусі праз 300 гадоў?


Ці сапраўды беларусаў стане ўдвая менш, а тыя, хто застаўся, пражывуць да 100 гадоў, высвятляў «Белсат».

Днямі доктар геаграфічных навук БДУ, прафесар Кацярына Анціпава прэзентавала сваё даследаванне «Аналіз тэндэнцыяў шлюбнасці і разводаў насельніцтва Рэспублікі Беларусь з 1946 да 2010 год». Паводле ўзроўню разводаў Беларусь займае на свеце другое месца, а каэфіцыент разжэнстваў у краіне складае 4,1 на тысячу жыхароў.

world-divorce-rates-2011-incomplete(1)

«Белсат», у сваю чаргу, паспрабаваў высветліць, як у Беларусі выглядае справа з нараджальнасцю і якая дэмаграфічная перспектыва чакае Беларусь праз 300 гадоў. Адным з самых фундаментальных даследванняў, якія датычаць дэмаграфічнай сітуацыі на Зямлі, застаецца “Насельніцтва свету да 2300 года” (“World Population to 2300”). Яго падрыхтаваў Дэпартамент па эканамічных і сацыяльных стасунках Сэкратарыяту Араганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Калі верыць прагнозам, найгоршую сітуацыю з нараджальнасцю беларусы перажылі ў 2000–2005 гадах (120 дзяцей на 100 жанчын). Ужо праз 12 гадоў наша краіна трапіць на 7-е месца сярод лідараў у самай нізкай нараджальнасці на свеце (адразу за намі – Украіна і Расея). Нягледзячы на тое, што на 100 жанчын будзе прыпадаць ужо 153 дзіцяці.

Да 2050 года Беларусь трапіць у дзясятку краінаў, якія выміраюць (183-е месца з 192) разам з суседкамі: Літвою (185-е месца), Расеяй (186-е) і Украінаю (190-е). Самую вялікую групу насельніцтва складуць 50-гадовыя (для параўнання: у 1950-м гэты паказнік быў амаль удвая «маладзейшы»: 27,2 года).

Яшчэ праз паўстагоддзя (у перыяд з 2050 да 2100) сітуацыя толькі пагоршыцца: мы апусцімся на тры прыступкі, а вось краіны-суседкі палепшаць свае паказнікі. У 2100 годзе колькасць насельніцтва Беларусі дасягне свайго мінімуму і будзе складаць 5,7 млн чалавек. Дарэчы, лідарства ў прыросце на свеце ўсе гэтыя сто гадоў будзе ўтрымліваць Нігер.



Далей сітуацыя ў Беларусі пачне выпраўляцца, і ў 2150–2155 гадах прырост насельніцтва дасягне піку (калі лічыць з 2000 года) ды будзе большы, чым мы маем цяпер. За наступныя пасля дэмаграфічнай прорвы 200 гадоў (з 2100 да 2300) колькасць жыхароў будзе паступова павялічвацца: са згаданых 5,7 млн да 6,4 млн у 2300 годзе.

Дарэчы, Беларусь гэтак і не выправіла пасляваенны дысбаланс паміж працягласцю жыцця ў жанчын і мужчынаў. У 1950–1955 гадах нашая краіна паводле гэтага паказніку займала 3-е месца на свеце, а за наступныя 50 гадоў здолела палепшыць вынік толькі на 1 прыступку. Чакаецца, што за 2050–2055 гады мы перамесцімся на 10-е месца, а за наступныя 50 гадоў нарэшце вылецім з дзясяткі краінаў з дысбалансам.

Чакаецца, што ў 2300 годзе жанчыны будуць жыць у сярэднім 98,5 года, а мужчыны – 95,7.



Змяншэнне працаздольнага насельніцтва для большасці краінаў Еўропы стала праблемаю ўжо ў 1960-я. Беларусь жа ў 1970 годзе магла пахваліцца найбольшаю за ўсе часы колькасцю здольных да працы людзей. У будучыні, паводле прагнозаў ААН, Еўропа ўжо ніколі не дасягне тых паказнікаў, што мела перад 1950 годам.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў