З заробкаў непакорных рабочых вылічваюць грошы на дабрачыннасць без іхнай згоды


На заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў у Бабруйску адлічваюць ахвяраванні ў Чырвоны Крыж без згоды і ведама працаўнікоў.

Атрымаўшы разліковыя лісткі за травень, працаўнікі заводу пабачылі, што з заробку вылічылі Br 10 000 у фонд дабрачыннай арганізацыі Чырвоны Крыж. Сума невялікая, але забралі яе нават у тых, хто згоды на ахвяраванні не даваў.

Начальства не каментуе сітуацыі

“Грошы там невялікія, але якое яны права мелі без нашай згоды вылічваць? – абураецца Ірына Коршунава, шліфоўніца 2-га механазборачнага цэху. – Я не пісала заявы. Нас, чальцоў Свабоднага прафсаюзу, пазбавілі дапамогі да адпачынку, нам не даюць карыстацца бібліятэкаю – тут мы горшыя за астатніх. А як ведамасці на суботнік ці вось Чырвоны Крыж – дык адразу ўсе роўныя становяцца, і пра нас згадваюць”.

Як распавялі працаўнікі, пасля таго, як людзі пайшлі з пытаннямі ды скаргамі ў бухгалтэрыю і да кіраўніцтва заводу, намеснік дырэктара ў ідэалагічнай працы Уладзімір Елісеенка паабяцаў, што ў наступным месяцы адлічаныя грошы вернуць.

“Белсату” спадар Елісеенка пракаментаваў сітуацыю наступным чынам: “Нічога не магу патлумачыць. Ніякіх адлічэнняў не было. А калі працаўнікі вам тэлефануюць, у іх і пытайцеся. Ніхто ў іх нічога не вылічваў”.

У бабруйскай гарадской арганізацыі беларускага таварыства Чырвонага Крыжа паведамілі, што такія дзеянні кіраўніцтва заводу цалкам не законныя: “У нас уведзеная заяўная сістэма – адлічэнні могуць рабіцца толькі на падставе заявы працаўнікоў. Нават паводле ведамасці не маюць права грошай утрымліваць, толькі на падставе заявы. Калі працаўнік заявы не пісаў – гэта парушэнне закону”.

Ахвяравані сабралі, а прэміі не далі

Працаўнікі 2-га механазборачнага цэху заводу паведамілі, што чальцам Свабоднага прафсаюзу не выплацілі дадатковай прэміі за травень, што прызначалася кіраўніцтвам заводу для ўсіх.

Як распавёў Міхаіл Кавалькоў, старшыня першаснай ячэйкі Свабоднага прафсаюзу, у адмысловай аб’яве было пазначана: “Кіраўніцтва цэху абвяшчае ўдзячнасць усім працаўнікам механазборачнага цэху № 2 за высокі ўзровень культуры на працоўных месцах і паведамляе, што ўсе працаўнікі цэху атрымалі дадатковую прэмію ў памеры 200–300 тысячаў рублёў”.

Але, як высветлілася, пад азначэнне “ўсе працаўнікі” не падпадаюць чальцы Свабоднага прафсаюзу, бо яны прэміі не атрымалі. Паводле Міхаіла Кавалькова, начальнік 2-га цэху Міхаіл Ваянец адкрыта сказаў, што кіраўніцтва прыняло рашэнне выплаціць прэмію толькі чальцам афіцыйнага прафсаюзу.

Пацвердзіла гэта працаўніца Аксана: “Я запыталася ў начальніка цэху: там жа чорным па белым напісана, што ўсім працаўнікам будзе прэмія. Гэта ж грошы заводу, а не прафсаюзу. А ён мне кажа: разумееце, усё роўна ўсё залежыць ад таго, у якім вы прафсаюзе – пераходзьце ў наш прафсаюз, тады вам будзем плаціць прэмію”.

Каментар ідэолага заводу Уладзімера Елісеенкі быў падобны, як і ў сітуацыі з Чырвоным Крыжом: “Прэмія – гэта ўзнагарода, яна не выплачваецца, ёю ўзнагароджваюцца, яе трэба заслужыць. А калі са Свабоднага прафсаюзу не атрымалі, то ў іх пытайцеся, чаму”.

Сябры Свабоднага прафсаюзу на заводзе ТДіА ў Бабруйску на працягу ўжо доўгага часу цярпяць дыскрымінацыю і ўціск з боку кіраўніцтва заводу. Працаўнікоў пагрозамі і подкупамі змушаюць пераходзіць у афіцыйны прафсаюз. У сакавіку чальцоў Свабоднага прафсаюзу пазбавілі даплатаў і льготаў, прадугледжаных калектыўнаю дамоваю.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў