«Шпіён? То судзіце адкрыта!»


Адкрытага судовага працэсу над «віцебскім шпіёнам» Андрэем Гайдуковым патрабуюць грамадскія і палітычныя дзеячы. Яны ўпэўненыя, што толькі пад грамадскім кантролем прысуд можа быць справядлівы.

Адпаведны зварот скіравалі да старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы, генпракурора Аляксандра Канюка і старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка.

Падпісаліся пад петыцыяй грамадскія актывісты Ганна Шапуцька і Алесь Макаеў, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Антаніна Кавалёва, адказны сакратар аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі, намеснік старшыні «Маладога фронту» (Чэхія) Мікалай Дземідзенка, лідар моладзевай арганізацыі «Альтэрнатыва» (Латвія) Алег Корбан, праваабаронца Алег Волчак.

Чаму працэс не можа быць закрытым?

Аўтары звароту заяўляюць, што яны катэгарычна супраць закрытага судовага працэсу. «Мы лічым «сакрэтнасць» гэтай палітычнай справы спробаю схаваць ад грамадскасці дэталі расследавання і адсутнасць доказаў», – гаворыцца ў дакуменце.

{movie}Ганна Шапуцька пра справу Гайдукова|right|11109{/movie}

«Улічваючы выключную значнасць «шпіёнскай справы Гайдукова», памятаючы аб працэсах над «шпіёнамі» ў 1930–40-х гадах, мы патрабуем поўнага абнародавання ўсіх матэрыялаў справы да пачатку працэсу, патрабуем адкрытага і галоснага правядзення ўсіх судовых паседжанняў з прысутнасцю прэсы, магчымасцю бесперашкодна весці прамыя рэпартажы з суда, здымаць на камеру ўвесь судовы працэс як у будынку суда, гэтак і на прылеглай да будынку тэрыторыі, заклікаем кампетэнтныя органы забяспечыць правядзенне адкрытага судовага разбору, падчас назірання за якім усе зацікаўленыя змогуць зрабіць высновы пра абгрунтаванасць абвінавачанняў і справядлівасць крымінальнага пераследу і суда», – зазначаюць аўтары звароту.

Шпіён? Ці ахвяра спецслужбаў?

Судовы разбор у справе намесніка старшыні Саюзу маладых інтэлектуалаў Андрэя Гайдукова пачнецца ў Віцебскім абласным судзе 12 чэрвеня. Працэс будзе праходзіць пад старшынствам суддзі Галіны Урбановіч.

Працаўнікі КДБ затрымалі Гайдукова 8 лістапада 2012 года ў Віцебску, паводле афіцыйнай версіі, «у момант закладкі тайніка са звесткамі, што цікавяць замежныя спецслужбы». На падставе артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці) яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Паводле інфармацыі сваякоў, з 27 снежня Гайдукова ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ. Цяпер ён – у Віцебску.

Як заявіў журналістам 30 траўня Валерый Вакульчык, суд над Гайдуковым будзе закрытым. Кіраўнік КДБ не стаў раскрываць падрабязнасцяў справы да вынясення прысуду. Аднак, мяркуе Вакульчык, абаронцы Гайдукова пасля судовага разбору і вынясення прысуду зменяць сваё меркаванне.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў