Прадпрымальнікі пагражаюць агульнанацыянальным страйкам


Бізнесоўцаў не задавальняюць новыя стандарты сертыфікацыі прадукцыі, паводле якіх гандлярам давядзецца зазнаць дадатковыя выдаткі.

Прадпрымальнікі гавораць, што калі тэхнічны рэгламент Мытнага саюзу “Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці” набудзе моц 1 ліпеня без зменаў, то яны пойдуць у вымушаныя адпачынкі і спыняць выплату падаткаў. Пра гэта бізнесоўцы заявілі на сходзе прадстаўнікоў прадпрымальніцкіх аб’яднанняў з Менску, Маладзечна, Берасця, Гомлю, Віцебску і Магілёва.
{movie}Шумчанка: 99% прадпрымальнікаў стануць парушальнікамі закона аўтаматычна|right|11093{/movie}

Прадавец адказвае за вытворцу?

Паводле тэхнічнага рэгламенту, у Беларусі ўвядуць сістэму пацвярджэння адпаведнасці патрабаванням бяспекі тавараў лёгкай прамысловасці. На практыцы гэта азначае, што гандляры будуць вымушаныя аддаваць частку тавару на экспертызу ў лабараторыю, пры гэтым пасля гэты тавар ужо немагчыма будзе прадаць.

Старшыня аб’яднання бізнесоўцаў “Перспектыва” Анатоль Шумчанка на сходзе зазначыў, што практычна ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі, якія маюць справу з прадукцыяй лёгкай прамысловасці з трэціх краінаў, пасля ўступлення 1 ліпеня ў сілу тэхрэгламенту “пазбавяцца магчымасці займацца бізнесам легальна, 99 % будуць вымушаныя спыніць сваю дзейнасць”.

{movie}Шумчанка: Прадпрымальнікі гатовыя страйкаваць|right|11094{/movie}
Удзельнікі сходу пацвердзілі сваё галоўнае патрабаванне да кіраўніцтва МС – “забавязаць вытворцаў тавараў лёгкай прамысловасці, хто зацікаўлены пастаўляць свой тавар у краіны МС, сертыфікаваць сваю прадукцыю самастойна, а не перакладваць гэтую дарагую працэдуру на канцавое звяно ў гэтым ланцузе – прадпрымальніка”.

Пры гэтым, паводле бізнесоўцаў, у Расеі палажэнні рэгламенту поўнасцю ігнаруюцца, што ставіць айчынных прадпрымальнікаў у няроўныя ўмовы.

Да прадпрымальнікаў прыслухаюцца?

Дэпартамент прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Беларусі папрасіў беларускіх прадпрымальнікаў даць доказы таго, што ў Расеі не выконваюцца патрабаванні тэхнічнага рэгламенту.

Як паведаміў Шумчанка, “Перспектыва” забавязалася даць такую інфармацыю да 12 чэрвеня. У сваю чаргу дэпартамент Мінэканомікі цягам 2 наступных тыдняў будзе працаваць над арганізацыяй круглага стала наконт гэтай праблемы.

Тэрмін увядзення патрабаванняў тэхрэгламенту ў Беларусі ўжо аднойчы пераносіўся. Аднак бізнесоўцы патрабуюць перагледзець некаторыя яго палажэнні. Пра сур’ёзнасць намераў сведчыць тое, што ўжо адбыўся аднадзённы страйк. Прадпрымальнікі пратэставалі ў Віцебску 6 чэрвеня.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў