Маладых дызайнераў запрашаюць у «Этнапраект»


Спалучыць этнаграфічныя практыкі з сучасным беларускім і польскім дызайнам прапаноўвае асацыяцыя “Этнаграфічная майстэрня” (Варшава). Цэлых 15 дзён удзельнікі здабываюць новы досвед, вандруюць па абедзвюх краінах, а таксама разам з майстрамі распрацоўваюць уласныя праекты.

Хто можа паехаць? Узяць удзел у навучанні могуць выпускнікі (да 30 гадоў) або студэнты ўніверсітэтаў (пасля 2-га года навучання), спецыяльнасці якіх звязаныя з дызайнам. Гэта можа быць прамысловы дызайн, прамысловая графіка, дызайн адзення, а таксама архітэктура або дызайн інтэр’еру.

Колькасць удзельнікаў – 16 чалавек, 8 з Беларусі ды 8 з Польшчы.

Што ў праграме? Удзельнікі падрыхтуюць два вялікія праекты ў графічнай форме паводле матываў народнай культуры – польскай і беларускай. У працэсе стварэння яны будуць натхняцца творчасцю майстроў, наведваючы гістарычныя рэгіёны Польшчы – такія, як Курп’е і Падляшша, а таксама наведаюць Варшаву, Гомель, Менск і Берасце. Апроч таго будуць лекцыі, семінары, наведванне музеяў, скансенаў, мастацкіх майстэрняў, экскурсіі. І, натуральна, час на самастойную працу, якая будзе ісці пад куратарствам народных майстроў і рамеснікаў, а таксама прафесійных дызайнераў.

Вынікі працы будуць прэзентаваныя на выставах у Варшаве і Менску. А таксама выніковая выстава “Этнапраекту” будзе браць удзел у “Wawa Design Festival” (Варшава).

Калі і як:

– прыём заявак ужо распачаты і скончыцца 24 чэрвеня 2013 г.;

– заяўкі (анкета тут) трэба дасылаць на адрас etnoprojekt2013@gmail.com;

– вандроўка адбудзецца 25 жніўня – 8 верасня 2013 г.;

– удзел бясплатны.

Партнёры:

– Беларускі саюз дызайнераў;

– Грамадскі рэспубліканскі саюз моладзі “Студэнцкі саюз этнографаў”, Беларусь;

– Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і быту;

– Дзяржаўны этнаграфічны музей у Варшаве.

Аліна Радачынская, belsat.eu

Стужка навінаў