На кінафестывалі ў Вільні дамінавалі беларускія кароткаметражкі


Пераможцы фестывалю:

Секцыя “Кіно без візы”

“ЛенаМорячок”

Аўтар: Алег Давыдчык (Беларусь)

Пастановачныя фільмы

“OSIS”

Кацярына Дарожкіна (Беларусь)

Эксперыментальныя фільмы

“Харэаграфічная мапа Менску”

Вольга Сасноўская (Беларусь/Літва)

Дакументальныя фільмы

“Дзяўчаткі/хлопчыкі”

Таня Сяцко (Беларусь)

Секцыя “Права гаварыць”

“Ежа замест бомбаў”

Максім Сарычаў (Беларусь)

Дадатковы конкурс

“Apartment Nr 4” Дафнэ ван дэн Блінк,

Руі Эспэранца, Сымона Ерала

(Нідэрланды/Славенія/Партугалія)

Фестываль фільмаў “toKino”, прысвечаны актуальным сацыяльным праблемам, аб’яднаў маладых кінатворцаў з 13 краінаў свету, але пераважную большасць склалі працы беларускіх аўтараў.

Дзіцячыя рэфлексіі адносна палавых адрозненняў, штодзённасць самотнага дзядулі, развагі актывіста ініцыятывы “Ежа замест бомбаў”, забыццё часоў рэпрэсіяў, спроба пазбавіць Лукашэнку голасу… Гэта няпоўны спіс рэалізаваных у фільмах гісторыяў. “Мы абіралі фільмы, якія ёсць кінематаграфічным увасабленнем грамадзянскай пазіцыі. Гэта не значыць, што фільм мусіць быць агітпаштоўкаю і агаломшыць гледача наўпроставым мэсыджам. Крытэрам адбору быў унутраны дыялог аўтара з самім сабой, узняцце спрэчнага пытання”, – распавядае куратарка фестывалю Аляксандра Ігнатовіч.

“toKino“ адмыслоўцы называюць крокам да салідарнасці маладых беларускіх кінавытворцаў, аўтарскай пляцоўкай для абмену досведам. З-за спецыфічных умоваў кінапрацэсу ў краіне нашыя аўтары слаба звязаныя міжсобку і шукаюць сябе за мяжою.

Таня Сяцко, аўтарка фільма “Дзяўчынкі/хлопчыкі”, станоўча ўспрымае правядзенне “toKino“. Рэжысёрка мяркуе, што важна развіваць падобныя праекты ў самой Беларусі: “Хоць лакальныя фестывалі і з’яўляюцца, сістэма дыстрыбуцыі фільмаў застаецца абсалютна не наладжанай. Аўтары мусяць думаць і пра стварэнне кіно, і пра яго распаўсюд, пляцоўкі для паказаў і г. д. А калі няма шырокіх кантактаў, асабістых знаёмстваў, фільм рызыкуе гэтак і не трапіць да гледача”.

{movie}Пераможца сярод дакументальных фільмаў – “Дзяўчаткі/хлопчыкі” Тані Сяцко |right|10974{/movie}

Арганізатары намагаліся пазбегнуць іерархічнасці ў ацэнцы працаў. “У адрозненне ад традыцыйнага кінафестывалю, у нас не было такіх “вясельных генералаў” сярод чальцоў журы, якія вызначалі міфічны ідэал. Суддзі не разглядалі ў якасці асноўнага тэхнічны бок, а канцэнтраваліся на шчырасці, прадуманасці ды глыбіні твору”, – тлумачыць Аляксандра Ігнатовіч.

{movie}Найлепшы пастановачны фільм – “OSIS” Кацярыны Дарожкінай|right|10975{/movie}

Фестывальныя паказы дапоўніліся карыснымі лекцыямі ды майстар-класамі ад дасведчаных медыя- ды кінаэкспертаў.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў