Радзіна: Апазіцыя адчувае нястачу сродкаў, а куды ідуць грошы ад Еўразвязу – незразумела


Ідэя праверыць размеркаванне сродкаў, якія Еўразвяз скіроўвае ў Беларусь, – слушная, падзялілася сваім меркаваннем у праграме «ПраСвет» рэдактарка сайту charter97.org Наталля Радзіна.

Праграма «ПраСвет» выходзіць на нашым тэлеканале штопятніцу а 20:30. Глядзець яе можна таксама ў онлайн-трансляцыі на нашай старонцы. Ранейшыя выданні даступныя праз закладку «Нашыя праграмы».

{movie}Радзіна: Апазіцыя адчувае недахоп сродкаў. Фрагмент “ПраСвету” |right|10971{/movie}

На паседжанні асамблеі «Усходняга партнёрства» Еўранэст, што адбылося на гэтым тыдні ў Бруселі, беларуская апазіцыя не мела аднаго меркавання, распавяла ўдзельніца тых падзеяў Наталля Радзіна. У першай частцы паседжання працоўнай групы ў справах Беларусі ў межах Еўранэсту абмяркоўвалася сітуацыя са свабодаю слова ў нашай краіне, доступ беларусаў да незалежнай інфармацыі ды як Еўразвяз можа дапамагчы падтрыманню незалежных медыяў у Беларусі. Другая частка была палітычная, на якой абмяркоўвалася пытанне пра запрашэнне афіцыйных прадстаўнікоў ад уладаў Беларусі на саміт «Усходняга партнёрства» ў Вільні.

«Менавіта тут беларуская дэлегацыя раздзялілася на дзве часткі. Адна частка – гэта Анатоль Лябедзька, Валер Ухналёў і Віталь Рымашэўскі – прытрымлівалася прынцыповых пазіцыяў наконт таго, што на саміт «Усходняга партнёрства» нельга запрашаць чыноўнікаў з «чорнага спісу», у т. л. Уладзіміра Макея, пакуль не будуць выкананыя галоўныя ўмовы: першае – гэта вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітзняволеных, другое – гэта правядзенне свабодных выбараў згодна з рэкамендацыямі БДІПЧ АБСЕ», – паведаміла спадарыня Радзіна. Яна дадала, што да другой групы належалі Андрэй Дзмітрыеў, Юрась Губарэвіч і Аляксей Янукевіч, якія выступалі за запрашэнне Макея на саміт у Вільні.

Прапанова Анатоля Лябедзькі правесці фінансавую праверку сродкаў, якія Еўразвяз скіроўвае беларускай апазіцыі, на думку рэдактаркі charter97.org, – слушная: «Заяўляецца пра нейкія неймаверныя сумы на падтрыманне апазіцыі, але насамрэч гэтага не бачаць ні незалежныя медыі, ні праваабарончыя арганізацыі… Сёння ўсе мы адчуваем нястачу сродкаў, а куды ідуць гэтыя грошы – незразумела».

Спадарыня Радзіна адзначыла, што была ўражаная тым, хто быў запрошаны на паседжанне працоўнай групы ў справах Беларусі: «Я не ўбачыла там людзей, з якімі разам сядзела ў турме КДБ пасля выбараў 19 снежня 2010 года». Толькі некаторыя з прадстаўнікоў апазіцыі, што былі на Еўранэсце, адбылі нязначны тэрмін, а іншыя ўвогуле не былі ў турме. Былых палітзняволеных Андрэя Саннікава або Дзмітрыя Бандарэнкі, якія адседзелі за кратамі па 1,5 гада, дзяячка ў Бруселі не спаткала: «Выбіральнасць у гэтым пытанні была вельмі дзіўная».

Наталля Радзіна прызналася, што ў Бруселі мела магчымасць паразмаўляць з еўрадэпутатам, спавяшчальнікам у справах Беларусі, Юстасам Палецкісам, даклад якога пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека выклікаў шмат крытыкі з боку беларускай грамадскасці ды праваабаронцаў. «Я не магу сказаць, што ён мне паведаміў, бо гэта была размова «не для запісу», але пасля гэтай размовы я задумалася, як такія людзі могуць трапіць у Еўрапарламент», – выказалася дзяячка.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў