Шляхецкі баль адбыўся ў палацы ў Крычаве


Тое, што беларусы – нацыя сялянская, любяць нам казаць гісторыкі ды сацыёлагі. У Крычаве гэтую тэзу аспрэчвалі не словам, а танцам. Сапраўдны шляхецкі баль з моцным прысмакам 19-га стагоддзя прайшоў у светлых залах палацу Галынскіх і Пацёмкіных.

Зіхоткая імпрэза скончыла Віцебскі бальны сезон, які распачаўся яшчэ летась у верасні вечарам вальсаў і контрадансаў. Заканчэнне ж было, мала сказаць, пампезным. Гасцей балю правялі па палацы, пазней жа бавіць час можна было ў гульнёвым салоне, салоне з гарбатаю. І ў кружлянні вальсу.

“У нас прынята, што балі заўсёды праходзяць у Міры, Нясвіжы, – тлумачыць арганізатарка балю Эла Петрачэнка з клубу гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа”. – Ніхто не ведае пра гэты палац. Мала хто ведае. Адная з мэтаў нашага балю – прыцягнуць увагу да такіх малавядомых месцаў”.

У палацы Галынскіх і Пацёмкіных 18-га стагоддзя адноўленыя тагачасныя інтэр’еры – страўня, будуар, канапная, дзявочая, парадная зала… У такіх памяшканнях шляхта вяла размовы, завязвала знаёмствы падчас вальсу, контрдансу, катыльёну… Магчыма, 200 гадоў таму тут праходзіла дакладна такая ж імпрэза.

“Ян Галынскі чакаў напярэдадні вайны з Напалеонам, што ў ліпені Напалеон прыедзе сюды. Ян Галынскі сабраў шматтысячнае войска для Напалеона. Мабыць, ён мог адзначыць гэтую радасную падзею ўрачыстым балем”, – кажа Хрысціна Бондарава, яшчэ адна каардынатарка “Паўночнай вежы”.

Іншыя тэмы: Этнакультуролаг Ірэна Катвіцкая прэзентавала сольны альбом. У Пушкінскай бібліятэцы прайшла прэзентацыя кнігі “Што варта радасці і слёз” Галіны Каржанеўскай. У Менску можна наведаць выставу Зоі Луцэвіч і зборную выставу беларускіх жывапісцаў.

Адэля Дубавец,belsat.eu
https://youtu.be/6pwL-6ojzRE

Глядзі таксама
Каментары