Мастак Марачкін на прэзентацыі сваёй кнігі: Трэба, каб па-беларуску пісаў і качагар, і кіроўца


«Мару, каб у нас больш было графаманаў, а то ў нас толькі паэты маюць тую дзялянку», – адзначыў адзін са стваральнікаў і першы кіраўнік творчай суполкі «Пагоня» на прэзентацыі свайго паэтычнага зборніку «Калодзеж у жыце».
{movie}Мастак Марачкін: Трэба, каб па-беларуску пісаў і качагар, і кіроўца |right|10816{/movie}
Мастак падкрэсліў, што прафесійныя аўтары сёння не дазваляюць звычайным людзям ствараць літаратурных твораў, кажучы: вы не маеце права, вы не маеце адукацыі – ды абзываюць астатніх графаманамі. «Мая кніжка – адкрыццё, перадусім адкрыццё для мяне самога», – пракаментаваў мастак і паэт.

«Я нарадзіўся на вёсцы, мой бацька працаваў у бібліятэцы і прыносіў мне шмат кніжак з прыгожымі карцінкамі. Я захапляўся і карцінкамі, і тэкстамі… Я вельмі ўдзячны сваім бацькам – без іх я не адбыўся б, і кніга гэтая не пабачыла б свету», – падзяліўся Марачкін на прэзентацыі. Паводле яго, слова – гэта таксама фарба, з дапамогаю якой творца малюе рэчаіснасць.

«У 73 гады пачынаць пісаць вершы – гэта значыць, што ты або здзяцінеў, або доўга думаў. Дык вось я доўга думаў перад тым, як выдаць свае вершы кнігаю. Так здарылася, што ў мяне многія сябры – паэты, вось і мне захацелася кнігу выдаць. На адной вечарыне я скаламбурыў, і Рыгор Барадулін сказаў, што мне трэба пісаць вершы… Са словам я хуліганю: люблю сябрам вершы пісаць, жартаваць, гумарыць».

Павіншаваць Марачкіна з першаю кнігаю прыйшлі вядомыя літаратары і мастакі Уладзімір Някляеў, Міхась Скобла, Мікола Купава, Алесь Шатэрнік, рэжысёр Валер Мазынскі ды іншыя.

Кніга «Калодзеж у жыце» выйшла ў выдавецтве «Логвінаў» пад псеўданімам Алесь Мара невялічкім накладам – 250 асобнікаў.

Яе складаюць вершы розных гадоў і розныя ў жанрава-тэматычных і выяўленчых адносінах. Ад лаканічных, на некалькі радкоў, да разгорнутых паэтычных медытацыяў. Апроч грамадзянскай лірыкі, прысутнічаюць у зборніку і пранікнёныя радкі, прысвечаныя жонцы і сыну Ігару, таксама мастаку, які і зрабіў дызайн кнігі.

МЯ, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў БелаПАН
https://youtu.be/KKX7mKKbu1E

Глядзі таксама
Каментары