news
Гісторыі
Вайна шмат у чым яго праект. Патрыярх Кірыл: ліберал, які стаў алтарнікам Пуціна
Насуперак Бібліі, ён кажа, што смерць на вайне змывае ўсе грахі.
14.11.202311:04

Адной з нечаканасцяў расейскай агрэсіі супраць Украіны стала ступень яе падтрымкі з боку рэлігійных дзеячаў Расеі. Асабліва на гэтым фоне вылучаецца кіраўнік найбуйнейшай канфесіі РФ – прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл (Гундзяеў).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Патрыярх РПЦ Кірыл і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін гутараць падчас цырымоніі ўскладання вянкоў да помніка Мініну і Пажарскаму на Краснай плошчы ў Дзень народнага адзінства ў Маскве, Расея. 4 лістапада 2023 года.
Фота: Gavriil Grigorov / POOL / AFP / East News

У падтрымку вайны ва Украіне патрыярх Кірыл выступае рэгулярна, знаходзячы рэлігійныя апраўданні агрэсіі і папросту дабраслаўляючы да ўдзелу ў ёй. Насуперак Бібліі, якая абвяшчае, што дабрашчасныя міратворцы, ён дагаварыўся да таго, што смерць на вайне змывае ўсе грахі, а ядравую зброю «па невымоўнай Божай наканаванасці» стварылі «пад покрывам прападобнага Серафіма Сароўскага». Таксама, услед за кіраўніцтвам Расеі, ён проста анэксаваў шэраг украінскіх епархій з Украінскай праваслаўнай царквы, якая выйшла, прынамсі афіцыйна, з РПЦ.

Абсалютная улада разбэшчвае

Аднак пазіцыя прадстаяцеля РПЦ не заўсёды была праімперскай і антызаходняй, адзначыў у гутарцы з «Белсатам» архімандрыт Кірыл Гаварун, прафесар універсітэцкага каледжа Стакгольма, даўно знаёмы з патрыярхам Кірылам і якога той, яшчэ будучы мітрапалітам, пасвяціў спачатку ў дыякана, а затым і ў святара.

«Больш за тое, ён пачынаў як адзін з самых прагрэсіўных іерархаў Рускай праваслаўнай царквы. Адзін з самых празаходніх, ліберальных, можна сказаць. З адкрытым поглядам на свет, на іншыя канфесіі. І паступова ён эвалюцыянаваў у сваю супрацьлегласць таму, чым ён быў», – сказаў суразмоўца.

На яго думку, гэтая трансфармацыя адбылася ці прынамсі пачала адбывацца праз два-тры гады пасля таго, як мітрапаліт Кірыл быў абраны патрыярхам у 2009 годзе. Гаварун мяркуе, што на змяненне яго поглядаў паўплываў комплекс чыннікаў.

«Безумоўна, гэта практычна абсалютная ўлада ўнутры царквы, якую ён атрымаў і якую яшчэ больш абсалютызаваў, калі стаў патрыярхам», – заявіў архімандрыт.

Пры гэтым суразмоўца параўнаў сістэму кіравання ў РПЦ з асвечаным абсалютызмам у Еўропе ў XVIII стагоддзі, калі «манархі, здавалася б, былі адукаванымі, асвечанымі, але пры гэтым ўкаранялі сваю абсалютную ўладу». Гаварун падкрэсліў, што сам патрыярх быў вельмі схільны да асветы і да адукацыі і нават меў намер перавесці сістэму адукацыі РПЦ на нормы Балонскай сістэмы.

«Потым гэта перастала быць важным, і ён проста пачаў насаджаць абсалютную ўладу», – адзначыў архімандрыт.

Стваральнік ідэалогіі для Кремля

Тым не менш, Гаварун лічыць падтрымку патрыярхам Кірылам вайны ва Украіне цалкам шчырай, паколькі «шмат у чым гэта яго творышча». Паводле яго слоў, менавіта патрыярх Кірыл стаіць за стварэннем новай расеійскай ідэалогіі, гэтак званых духоўных скрэпаў. Тады як папярэдняя ідэалогія, што змацоўвала расейскае грамадства, з развалам СССР «проста рассыпалася».

«Стары савецкі, камуністычны клей высах, а новага не было. Крэмль не справіўся з задачай стварэння нейкага субстытута, замены для камуністычнай ідэалогіі, але з гэтай задачай справілася царква, і асабіста патрыярх Кірыл, яшчэ будучы нават мітрапалітам», – адзначыў суразмоўца.

Новая ідэалогія ўвабрала ў сябе розныя элементы: як савецкія, так і дасавецкія – імперскія, манархічныя, славянафільскае антызаходніцтва. Патрыярх Кірыл, па словах Гаваруна, з’яўляецца галоўным аўтарам гэтай ідэалогіі, хоць і не адзіным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Праваслаўныя вернікі збіраюцца на малебен пад кіраўніцтвам патрыярха Кірыла з нагоды 1035-годдзя Хрышчэння Русі. Масква, Расея. 28 ліпеня 2023 года.
Фота: Alexander Nemenov / AFP / East News

«Гэтая ідэалогія прывяла да вайны. Яна вельмі натуральным чынам перацякла ў падтрымку вайны, мілітарызацыю расейскага грамадства, яго радыкалізацыю і, урэшце, у падтрымку расейскім грамадствам гэтай захопніцкай вайны. І ў гэтым сэнсе для патрыярха гэта яго творышча, якога ён не можа выракацца. Асудзіць вайну для яго азначае адмовіцца ад таго, што ён вырошчваў шмат гадоў», – сказаў архімандрыт.

На яго думку, па-хрысціянску патрыярху б варта было адмовіцца ад таго, што ён стварыў, «таму што вынікі кашмарныя», але «ён не ў сілах ад гэтага адмовіцца і працягвае падтрымліваць». Становячыся ў выніку не толькі адным з галоўных натхняльнікаў вайны, але і адным з галоўных яе адвакатаў.

Гаварун нагадаў, што ў савецкія часы будучы патрыярх на розных міжнародных пляцоўках і экуменічных форумах, хай і па заданні кіраўніцтва СССР, казаў пра неабходнасць міру. Ды і сацыяльная дактрына РПЦ, прынятая ў 2000 годзе і створаная мітрапалітам Кірылам «разам з групай сваіх аднадумцаў», абавязвае быць супраць вайны.

«Але ў тым і праблема, што мы бачым непаслядоўнасць дзеянняў патрыярха Кірыла з тым, што ён рабіў як мітрапаліт Кірыл, у тым ліку ствараючы гэтую сацыяльную дактрыну РПЦ. Ён адмаўляе самога сябе 20-гадовай даўніны», – лічыць Гаварун.

На яго думку, для патрыярха Кірыла адмаўленне сябе мінулага – «гэта не натуральны працэс, гэта разрыў з самім сабой», прычым «вельмі балесны». Архімандрыт мяркуе, што Крэмль мог бы зразумець, калі б патрыярх паспрабаваў дыстанцыявацца ад падтрымкі вайны, але ён «зрабіў свой выбар і павінен панесці адказнасць».

«Гэта яго асабісты выбар падтрымліваць вайну, гэта ніякі не прымус. Ніхто яго не прымушаў гэта рабіць», – сказаў суразмоўца.

РПЦ рассыпаецца

Актыўная падтрымка патрыярхам Кірылам вайны Расеі супраць Украіны прывяла да зыходу з РПЦ вялікай колькасці вернікаў і святароў у Малдове і Літве. Пра свой разрыў з ёй заявілі цэрквы ва Украіне і Латвіі (хоць іх бягучы статус і не да канца зразумелы).  Нават з падкантрольнай Аляксандру Лукашэнку Беларусі праваслаўныя святары з’язджаюць у Літву і Польшчу, дзе далучаюцца да Канстанцінопальскага патрыярхату або Польскай аўтакефальнай царквы. Пагоршыліся і адносіны з іншымі хрысціянскімі канфесіямі. Напрыклад, папа Францішак, з якім патрыярх Кірыл сустрэўся першым з кіраўнікоў РПЦ, цяпер абвясціў яго «алтарнікам» Уладзіміра Пуціна. Але ўсё гэта не прыводзіць да змены рыторыкі патрыярха.

«Вядома, ён бачыць сувязь, але аддае перавагу таму, каб купіраваць негатыўныя наступствы сваёй рыторыкі падаўленнем дысідэнцтва, падаўленнем гэтага руху ад Масквы. Замест таго каб памяняць сваю рыторыку, што, напэўна, дапамагло б купіраваць цэнтрабежныя сілы, ён проста блакуе, наколькі можа, працэс адыходу ад Рускай царквы», – адзначыў Гаварун.

Беларусь наперадзе за ўсю РПЦ

Асабліва ў сувязі з гэтым суразмоўца звярнуў увагу на кіраўніцтва Беларускага экзархату РПЦ, якое «ў нейкай ступені заходзіць нават далей, чым патрыярх Кірыл, у падтрымцы таталітарнага рэжыму ў Беларусі». Ён падкрэсліў, што мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін не з’яўляецца ідэолагам і не ствараў ідэалогію, якая была б прывабная для рэжыму Лукашэнкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Патрыярх РПЦ Кірыл узначаліў праваслаўнае велікоднае богаслужэнне ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве, Расея. 16 красавіка 2023 года.
Фота: Oleg Varov / Press-service of the Russian Orthodox Patriarch Kirill / AFP / East News

«Ён з’яўляецца спажыўцом ідэалогіі, створанай у Маскве, і яе рэтранслятарам у беларускі кантэкст. З іншага боку, ён знаходзіць вельмі дзіўныя духоўныя апраўданні для сваёй падтрымкі рэжыму Лукашэнкі, падтрымкі вайны, якія ўсяляк прапагандуюцца праз экзархат у Беларусі. Гэта такая бязлітаснасць – дзе бязлітаснасць як скажэнне веры – практыка, калі аскетычнымі, духоўнымі меркаваннямі апраўдваецца зусім бесчалавечнае паводзіны палітычнага рэжыму. Гэта тое, што адбываецца ў Беларусі», – падкрэсліў Гаварун.

На ягоную думку, у БПЦ іншадумства душаць нават яшчэ больш жорстка, чым унутры РПЦ: «Паслядоўнікі гэтай палітыкі ў Беларусі аказваюцца больш руплівымі выканаўцамі гэтых прынцыпаў, чым нават гэта бывае ў Расеі».

Царква скампраметаваная

Будучыня гэтых дзвюх цэркваў – і РПЦ, і БПЦ – на думку архімандрыта, вельмі падобна, «проста таму што яны выбралі аднолькавы шлях для сябе – шлях падтрымкі дыктатуры, шлях падтрымкі рэпрэсій». Гэта будучыня, лічыць ён, залежыць ад будучага рэжымаў у Расеі і Беларусі і іх устойлівасці.

«Трэба разумець, што, вядома ж, царква ўжо скампраметаваная ў вачах думаючай часткі грамадства, як у Расеі, так і ў Беларусі. Яшчэ больш будзе скампраметаваная, калі ўжо будзе бяспечна крытыкаваць рэжым і яго памагатых», – мяркуе суразмоўца.

Ён чакае ў Беларусі і Расеі секулярызацыю грамадства, якое расчаравалася ў царкве як памагатай палітычных рэжымаў. І каб застацца рэлевантнай для людзей у гэтых краінах царкве будзе неабходна мяняцца.

«Самы лепшы аптымальны сцэнар – гэта сцэнар пакаяння. Пакаянне для гэтых цэркваў за тыя злачынствы, якія іх іерархі здзейснілі, падтрымліваючы рэпрэсіі, падтрымліваючы засценкі Акрэсціна, усе тыя беззаконні, якія творыць рэжым у адносінах да сваіх грамадзян, уключаючы членаў царквы», – падкрэсліў Гаварун.

Пры гэтым ён прызнаў, што «мы ў праваслаўі не моцна прывыклі каяцца». Таму, лічыць архімандрыт, змяненню цэркваў можа паспрыяць суд. Але кіраўніцтва цэркваў, на яго думку, варта судзіць не як царкоўных іерархаў, а як грамадзян, якія падтрымалі рэпрэсіўны рэжым.  Суд павінен вызначыць іх ступень віны або невінаватасці, сказаў на заканчэнне суразмоўца.

Аналітыка
«РПЦ пачынае разыходзіцца па швах». Як патрыярх Кірыла падтрымаў вайну і згубіў Украіну. І не толькі яе
2022.04.05 10:35

Макар Мыш / ВК belsat.eu